BE RU EN

У Літве праходзяць парламенцкія выбары, якія могуць прывесці да змены ўлады

  • 13.10.2024, 11:14

Згодна з перадвыбарнымі рэйтынгамі, у лідарах апазіцыйныя сацыял-дэмакраты.

Выбары ў Сойм Літвы пройдуць у нядзелю, 13 кастрычніка. Калі іх вынікі будуць падобныя на вынікі апошніх сацыялагічных апытанняў, гэта будзе першая рэальная змена ўлады ў рэгіёне з пачатку поўнамаштабнага ўварвання Расеі ва Украіну, піша ВВС.

Згодна з перадвыбарнымі рэйтынгамі, у лідарах апазіцыйныя сацыял-дэмакраты, якія перамяшчаюць акцэнт з міжнародных канфліктаў на эканамічныя праблемы Літвы.

Стабільнасць выходзіць з трэнду

Апошнія выбары ў латвійскі і эстонскі парламенты не моцна памянялі склад кіроўных кааліцый у гэтых краінах – лідары засталіся нязменныя. Эксперты тлумачылі гэта шокам і страхам, якія прадказальна штурхаюць выбарнікаў да стабільных і прагназаваных партый улады.

Верагодна, за два з паловай гады вайны ва Украіне шок і страх сышлі на другі план, таму што, як пішуць літоўскія СМІ са спасылкамі на розныя сацыялагічныя кампаніі, у Літве на першым месцы ў сярэдзіне верасня паводле апытанняў апазіцыйная Сацыял-дэмакратычная партыя. За яе гатовыя былі галасаваць 15–18% выбарнікаў.

На мінулых парламенцкіх выбарах яны атрымалі 13 парламенцкіх мандатаў са 141. А цяпер яе лідарка, дэпутатка Еўрапарламента Вілія Блінкявічутэ – другая ў папулярнасці палітык Літвы. Яна прызнаецца, што спадзяецца на пасаду прэм'ер-міністаркі.

На гэта ж, відавочна, спадзяецца прэзідэнт краіны Гітанас Наўседа, які публічна заявіў, што менавіта Блінкявічутэ ён бачыць на чале новага ўраду.

Многія думаюць, што такім чынам Наўседа аддае доўг Блінкявічуце. Падчас ягонай уласнай перадвыбарнай кампаніі ў 2023 годзе лідарка сацыял-дэмакратаў была прамой канкурэнткай Наўседы, але пазней зняла сваю кандыдатуру і заклікала галасаваць за дзейнага на той момант кіраўніка дзяржавы – Наўседу.

Сацыяльная палітыка і антысемітызм

Літва – парламенцкая рэспубліка, гэта значыць дэпутаты парламента і зацверджаны імі ўрад маюць значна больш паўнамоцтваў, чым прэзідэнт краіны. Змена партыі-лідаркі амаль заўсёды азначае змену палітычнага курсу.

Мяркуючы з перадвыбарнай кампаніі сацыял-дэмакратаў, на міжнародным полі пазіцыя краіны не зменіцца – падтрымка Украіны і яе інтэграцыі ў ЕЗ і NATO застаецца прыярытэтам, гэтак сама як і бяспека самой Літвы. Але акцэнт змяшчаецца з міжнародных праблемаў на ўнутраныя, асабліва эканамічныя і сацыяльныя.

Кансерватары, якія перамаглі на мінулых парламенцкіх выбарах – партыя «Звяз айчыны – Хрысціянскія дэмакраты Літвы» на чале з дзейнай прэм'ер-міністаркай Інгрыдай Шыманітэ, – паводле апытанняў, набяруць 9–11% галасоў і будуць другімі ці трэцімі.

Чатыры гады таму яны атрымалі 50 месцаў са 141, а цяпер рыхтуюцца працаваць у апазіцыі.

Туды сама можа трапіць партыя «Зара Нёмана», якая, як чакаецца, набярэ прыкладна столькі сама галасоў. Гэтая партыя была зарэгістраваная ў студзені 2024 года, пасля таго як яе заснавальнік, былы дэпутат парламента Рэмігіюс Жэмайтайціс, пакінуў Сойм праз працэдуру імпічменту.

Падставай паслужылі неаднаразовыя антысеміцкія выказванні Жамайтайціса ў сацсетках. На былога дэпутата была пачатая крымінальная справа аб распальванні нянавісці і публічнай падтрымцы міжнародных злачынстваў.

Тым не менш за партыю Жамайтайціса гатовы галасаваць прыкладна кожны дзясяты выбарнік.

Сам Жамайтайціс у інтэрв'ю Бі-бі-сі сказаў, што за антысеміта сябе не ўважае, а ў крымінальным разборы спадзяецца перамагчы. Паводле ягоных словаў, папулярнасцю ён абавязаны актыўнай працы, аднак гатовы працаваць і ў апазіцыі – таму што партый, якія хочуць з ім супрацоўнічаць, у Літве амаль няма.

Апошнія навіны