Эстонец, які падпарадкаваў сабе Пуціна
- 13.10.2024, 11:22
Як Антон Вайна стаў ценем кіраўніка Расеі.
У пракрамлёўскіх журналісцкіх колах эстонца Антона Вайну – кіраўніка адміністрацыі прэзідэнта Расеі – за вочы называюць Антон Why not: такую рэпутацыю ён заслужыў дзякуючы ўменню знайсці падыход да Пуціна і дагаджаць ягоным жаданням.
Пра гэта гаворыцца ў эфіры Радыё Свабода, прысвечаным асабістаму войску чыноўнікаў Пуціна, піша Delfi.
Чалавек «падай-прынясі» падпарадкаваў сабе Пуціна.
Адміністрацыя прэзідэнта Расеі складаецца з 23 управаў, але ўправа справамі прэзідэнта да яе не адносіцца, гэта асобны федэральны орган. Кіруе гэтым органам найбагацейшы расейскі службоўца эстонскага паходжання Антон Вайна.
Журналіст Ілля Даўлятчын у эфіры «Радыё Свабода» адзначае, што ў расейскай Канстытуцыі не пазначана, чым займаецца адміністрацыя прэзідэнта: «адсутнасць выразных фармулёвак, чым займаецца адміністрацыя прэзідэнта, дазваляе ёй займацца чым заўгодна».
І дадае: «Антон Вайна, кіраўнік адміністрацыі, пераседзеў шмат сваіх папярэднікаў, гэта чалавек, які карыстаецца прыхільнасцю Уладзіміра Пуціна. Ён падносіць яму паперкі, ён быў адказны за ягоную ізаляцыю падчас каранавірусу, ён прыдумаў для яго два ідэнтычныя кабінеты. І рабіў усё, каб падпарадкаваць і схіліць да сябе Уладзіміра Пуціна».
У асяроддзі пракрамлёўскіх журналістаў ходзяць гісторыі, звязаныя з ягоным прозвішчам, у якім няправільна ставіцца націск: жартуюць, што Вайна гэта як «Why not?»
«Пра Вайну ў асяроддзі пракрамлёўскіх журналістаў ходзяць гісторыі, звязаныя з ягоным прозвішчам, у якім няправільна ставіцца націск: жартуюць, што Вайна гэта як Why not? – Чаму не? Такі чалавек "падай-прынясі". І ў цэлым гэты выраз характарызуе ўсю адміністрацыю Пуціна і Антона Вайны сярод іншых. І, вядома, Вайна – адзін з галоўных ваенных злачынцаў», – кажа Даўлятчын.
Існуе меркаванне, што сам Вайна мяркуе, што ягонае эстонскае мінулае і ёсць заклад даверу Уладзіміра Пуціна да яго. Дзед Антона, першы сакратар ЦК кампартыі Эстоніі Карл Вайна, найуплывовейшы чалавек у акупаванай Эстоніі, быў шчыра адданы Маскве і не дапускаў нават падазрэнняў у сепаратызме.
Такім чынам, эстонскае паходжанне Антона не дае падставаў падазраваць яго ў сімпатыях да NATO, куды ўваходзіць Эстонія. «Сачыў за прэзідэнтам як цень і быў зручны» – Антон Вайна, несумненна, добра засвоіў урокі дзеда.
Пасля школы ён паступіў у МДІМЗ, скончыў факультэт міжнародных зносінаў паводле спецыяльнасці «японская мова». Першым месцам працы стала амбасада Расеі ў Японіі. З чутак менавіта тады яго заўважыў Уладзімір Пуцін падчас свайго візіту на Акінаву ў 2000 годзе. Вайна быў ягоным перакладнікам і так яму спадабаўся, што расейскі прэзідэнт пастанавіў забраць яго з сабой.
Пасля заканчэння працы ў амбасадзе Вайну чакала праца ў МЗСе, потым у адміністрацыі прэзідэнта, потым – ва ўрадзе і зноў у адміністрацыі прэзідэнта.
Чым жа Антон Вайна такі каштоўны для Уладзіміра Пуціна? Палітолаг Мікалай Пятроў зазначае, што Вайна ішоў да гэтага паступова, быў арганізатарам усіх мерапрыемстваў з удзелам прэзідэнта, фактычна ішоў за ім як цень, быў яму зручны.
«Трэба паглядзець на эвалюцыю кіраўнікоў прэзідэнцкай адміністрацыі, каб убачыць, як гэтыя кіраўнікі з прыкметных палітыкаў з сур'ёзнымі палітычнымі амбіцыямі, якія выконвалі самастойную ролю, ператвараліся ва ўсё больш паслужлівых і малапрыкметных чыноўнікаў.
Антон Вайна стаіць на вяршыні гэтай эвалюцыйнай піраміды: ён не робіць ніякіх самастойных заяваў, не ўдзельнічае ні ў якіх сур'ёзных палітычных гульнях і інтрыгах (прынамсі, пра гэта невядома), і ў гэтым сэнсе ідэальна пасуе прэзідэнту», – мяркуе ён.
Палітолаг адзначае, што нават калі б Вайна захацеў бы нешта зрабіць у сваіх інтарэсах, то яго наўрад ці чакаў бы поспех: не валодае ні пазнавальнасцю, ні палітычнай вагой. Ён ідэальны ў якасці кіраўніка канцылярыі, які не падседзіць свайго кіраўніка.
Незаўважны чалавек з абсалютнай уладай
Журналіст Ілля Даўлятчын кажа, што Вайна, на фоне Уладзіміра Мядзінскага, які піша падручнікі гісторыі ці Марыі Львовай-Бяловай, упаўнаважанай у правах дзіцяці, выглядае зусім невыбітным апаратчыкам.
«Памятайце, Пуціна ў свой час называлі “шэрая моль”. А ці таго чалавека так назвалі?» – задаецца пытаннем ён.
У рэчаіснасці ў руках Вайна засяроджаная велізарная ўлада, адзначае Даўлятчын: падчас нядаўняга канфлікту вакол маркетплэйсу Wildberries, дзе з аднаго боку дзейнічалі Рамзан Кадыраў і Уладзіслаў Бакальчук, з другога – Таццяна Бакальчук, Сулейман Керымаў і Роберт Мірзаян, а таксама Антон Вайна за імі.
Перамагла «група Вайны». Гэта апаратная сутычка, у якой ціха і неўзаметку перамог кіраўнік прэзідэнцкай адміністрацыі.
Аднак сыход ці скон Пуціна абавязкова стане смерцю і для Антона Вайны, мяркуе Даўлятчын.
Антон Вайна вучыўся ў свайго дзеда
У 1988 годзе першы сакратар ЦК кампартыі Эстоніі Карл Вайна – дзядуля Антона Вайны – папрасіў Маскву ўжыць войскі супраць пратэстоўцаў, якія выступалі супраць русіфікацыі і за выхад Эстоніі са складу СССР. Карла Вайна знялі, ён уцёк у Маскву, дзе жыў да сваёй смерці ў 2022 годзе.
Унук Вайны, ідучы па шляху свайго продка, зрабіў бліскучую кар'еру і ў 2016 годзе ўзначаліў адміністрацыю прэзідэнта Расеі, змяніўшы на гэтай пасадзе былога міністра абароны Сяргея Іванова, якога Уладзімір Пуцін прызначыў спецпрадстаўніком прэзідэнта ў экалогіі і транспарце.