У Менску адчынілася незвычайная студэнцкая сталоўка
- 13.10.2024, 11:44
Кошты стандартныя, але меню вас здзівіць.
У Беларускім дзяржаўным эканамічным універсітэце адчынілася студэнцкая кітайская сталоўка. З’явілася яна ў будынку чацвёртага навучальнага корпусу, што знаходзіцца ў Менску на Партызанскім праспэкце, 22а.
Пра гэта паведамляе TikTok-старонка ВНУ.
Як сцвярджаецца на TikTok-старонцы ўніверсітэта, новая сталоўка – гэта невялікае, але ўтульнае памяшканне. Адмысловы каларыт ёй надаюць элементы кітайскай сімволікі.
У меню, якое абнаўляецца раз на тыдзень, ёсць салаты, супы і нават нацыянальная кітайская выпечка. У мінулую сямідзёнку тут, напрыклад, можна было пакаштаваць тушаны тофу, халодны ялавічны страўнік, смажаны рыс з яйкам.
На гэтым тыдні стравы тут каштавалі ад 1,5 да 8,5 рублі. Танней за ўсё абыходзіўся рыс, а даражэй за іншых – тушаная ялавічына і бульба.
Што яшчэ ў меню? Вось некалькі прыкладаў:
бульбяная саломка ў востра-кіслым соусе – 4,5 рубля,
халодны ялавічны страўнік – 7,5 рубля,
баклажаны са свіным фаршам – 7,5 рубля,
таматна-яечны суп – 2,5 рубля,
булачка са свінінай / з курыцай і кукурузай / маркоўна-яечная – 3,5 рубля,
смажаны рыс з яйкам – 4,5 рубля.
Карыстальнікі ў каментарах удакладнілі, ці пусцяць у гэтую сталоўку тых, хто не вучыцца ў БДЭУ, але адказу на гэтае пытанне там пакуль не далі.