У цэнтры Гародні прадаюць кватэру ў 100-гадовым доме
- 13.10.2024, 12:06
У ёй высокія столі і сапраўдны камін.
Трохпакаёвую кватэру з высокімі столямі і сапраўдным камінам можна набыць у доме 1913 года пабудовы. Яна знаходзіцца ў гістарычным цэнтры Гародні – на Леніна, 15, заўважыў аб'яву партал hrodna.life.
У кватэры традыцыйныя для старадаўніх дамоў высокія столі і прасторная кухня 9/5 кв. м. Агульная плошча жылля – 79,3 кв. м. Унутры зроблены рамонт. Кватэру прадаюць з мэбляй і ўбудаванай побытавай тэхнікай – можна адразу засяляцца.
Уваходныя дзверы металічныя, міжпакаёвыя – драўляныя, у вокнах устаўленыя шклопакеты. На сценах паклееныя шпалеры, падлога паркетная, часткова плітка. У двух пакоях нацяжная столь. Санвузел сумешчаны, у ім устаноўленыя адразу і ванна, і душавая кабінка.
Інтэр'ер аформлены ў класічным стылі 2000-х гадоў. Мэбля – драўляная і пад дрэва, з разьбянымі дэталямі, шклянымі вітрынамі, драўляныя дзверы з элементамі вітражоў.
Кватэра размешчаная на першым паверсе. Ёсць магчымасць для пераводу яе ў нежылое памяшканне, адзначана ў аб'яве.
Дом цагляны, аднапавярховы з мансардным паверхам. У аб'яве аб продажы сказана, што суседзі выдатныя. Яшчэ б – з сакавіка гэтага года частку будынка займае рэстаран сушы і піцы Sushi love. Раней у гэтым доме працавалі «Аляксандраўскія пірагі». Амаль усе вокны кватэры выходзяць у двор на невялікі абгароджаны кветнік з газонам, шматгадовымі раслінамі і пладовымі дрэвамі. У двары – вялікая паркоўка. Суседні будынак займае бар «Гудзіні», ветклініка, рамонт тэлефонаў і офісы. Недалёка ўніверсітэт, парк Жылібера, аўта- і чыгуначны вакзалы, школа, гімназія № 10.
Кошт кватэры $ 96 тыс.