BE RU EN

WP: Ва Украіне цяпер будзе нашмат больш зброі

  • 13.10.2024, 18:30

Дрэнная навіна для Расеі.

Паколькі Еўропа не ў стане забяспечыць Украіну неабходнай зброяй і боепрыпасамі, Еўразвяз інвестуе ў зброевую прамысловасць Украіны, якая хутка развіваецца. Пра гэта піша The Washington Post.

Нядаўняя пастанова Еўрапейскага Звязу вылучыць блізу 440 мільёнаў даляраў на адбудоўную зброевую прамысловасць Украіны азначае сабой значны зрух у падыходзе блоку да вайны Украіны і Расеі, пішуць журналісты.

У якасці ўнёску Еўразвязу будуць выкарыстаныя сродкі, атрыманыя ад звышпрыбытку расейскіх актываў, якія былі замарожаныя на Захадзе.

Гэтыя сродкі дапоўняць 190 мільёнаў даляраў, якія выдаткуе ўрад Даніі.

«Я думаю, ёсць разуменне таго, што Еўропа не ў стане вырабляць зброю, якая патрэбная Украіне, і самы просты спосаб – гэта зрабіць гэта самім», – сказаў адзін еўрапейскі дыпламат. «Калі ва ўкраінцаў ёсць матэрыялы і грошы, яны змогуць зрабіць гэта значна хутчэй самі».

«Інвестыцыі ва ўкраінскі зброевы сектар «забяспечваюць вялікую гнуткасць» і «дазваляюць у кароткія тэрміны даць Украіне больш магутнасцяў», – сказаў кіраўнік брусэльскага аддзялення Нямецкага фонду Маршала Ян Лесер.

Гэта таксама «магчыма, аслабіць некаторы ціск на абаронную вытворчасць у заходніх краінах. Больш шырокі сэнс заключаецца ў паступовай інтэграцыі Украіны ў заходнія ланцужкі паставак абароннай прамысловасці».

Еўрапейскія лідары актывізавалі абароннае супрацоўніцтва з Украінай і спрабуюць захаваць фінансаванне дапамогі ва ўмовах канфлікту, які разгараецца.

Таксама яны рыхтуюцца да магчымасці другога прэзідэнцтва Трампа, паслаблення падтрымкі з боку ЗША і стомленасці грамадскасці ў некаторых з іх уласных краінаў. Украіна патроіла вытворчасць зброі ў 2023 годзе, а потым падвоіла гэты паказнік за першыя восем месяцаў гэтага года.

Паводле словаў міністра абароны Рустэма Умерава, сёлета на развіццё зброевай прамысловасці краіны было выдаткавана блізу 4 мільярдаў даляраў. Тым не менш абаронны сектар Украіны здольны вырабіць значна больш – памерам блізу 10–12 мільярдаў даляраў, указала міністарка эканомікі Юлія Свірыдзенка.

«Фінансаванне з боку партнёраў Украіны з'яўляецца «пераломным момантам – не ў плане аб’ёму грошай, а ў плане ідэі інвеставання дзяржаўных сродкаў ва ўкраінскую абаронную прамысловасць», – сказаў адзін з еўрапейскіх чыноўнікаў, які таксама гаварыў на ўмовах ананімнасці праз далікатнасць пытання.

Паводле ягоных словаў, грошы пойдуць на вытворчасць «ракетаў, беспілотнікаў» і іншай «зброі глыбокага ўдару».

Украіна ў сваім канфлікце з Расеяй упарта дамагаецца павелічэння магчымасцяў нанясення далёкіх удараў, а Злучаныя Штаты адмаўляюцца дазволіць выкарыстоўваць вылучаную імі зброю ў гэтых мэтах, асцерагаючыся раззлаваць Расею.

Прэзідэнт Украіны Уладзімір Зяленскі заявіў, што цяпер краіна распрацоўвае ўласныя балістычныя ракеты. Паводле словаў чыноўніка, у найбліжэйшы час аб'ём сродкаў, якія паступаюць у абаронную прамысловасць Украіны, можа рэзка вырасці.

«Ёсць шэраг краінаў, якія, наколькі я ведаю, блізкія да таго, каб абвясціць пра будучае выкарыстанне таго ж механізму, альбо самі інвестуюць, альбо просяць Данію інвеставаць іх грошы».

Некаторыя абаронныя галіны ўжо перажываюць масавы рост. Паводле словаў Зяленскага, сёлета Украіна плануе вырабіць блізу 1,5 мільёна беспілотнікаў і мае магчымасць вырабіць яшчэ 2,5 мільёна – галіна, якая практычна не існавала да канфлікту.

У нядзелю Нідэрланды таксама абвясцілі, што інвестуюць 440 мільёнаў даляраў у распрацоўку сучасных беспілотнікаў для Украіны. Данія будзе распараджацца 630 мільёнамі даляраў, вылучанымі Капенгагенам і Еўразвязам, паводле «дацкай мадэлі» – дамоўленасці, паводле якой заходнія грошы ідуць на аплату кантрактаў, якія Міністэрства абароны Украіны ўжо падпісала з вытворцамі зброі, што дазваляе ўкраінцам самім вызначаць прыярытэты ў выбары неабходнага.

«З нашага боку не будзе ніякіх “чырвоных ліній”, што абмяжоўваюць выкарыстанне гэтай зброі», – сказаў Дэніс Віркеліст, які ўзначальвае ўкраінскую групу ў Міністэрстве абароны Даніі, выступаючы на канферэнцыі ў абароннай прамысловасці.

«Данія і Еўрапейскі Звяз змогуць паказаць астатняму свету, як эфектыўна мы выдаткоўваем расейскія звышпрыбыткі на зброю, якая вяртаецца назад у Расею», – сказаў ён. Дапамога ЕЗ з'яўляецца часткай буйнога пакету на 1,5 мільярда даляраў з прыбыткаў ад замарожаных расейскіх актываў, які быў ухвалены ў траўні і кіруецца праз Еўрапейскі фонд міру, што дае грошы сябрам ЕЗ на набыццё зброі для Украіны.

У жніўні прэс-сакратар Крамля Дзмітрый Пяскоў заявіў, што выкарыстанне замарожаных расейскіх актываў і іх прыбытку з'яўляецца «крадзяжом».

«Гэта незаконныя дзеянні. Яны абавязкова будуць мець юрыдычныя наступствы», – сказаў Пяскоў на брыфінгу.

У выніку ўкраінскія ўлады спадзяюцца, што краіна стане буйной экспарцёркай зброі пасля таго, як будуць задаволеныя яе ўласныя патрэбы.

Супрацоўніцтва з украінскімі фірмамі дае замежным абаронным кампаніям пэўныя перавагі – напрыклад магчымасць мадыфікаваць і тэставаць сваю прадукцыю ва ўмовах актыўнага канфлікту.

Апошнія навіны