BE RU EN

Ашуканцы «развялі» падначаленых новага кіраўніка Лідскага раёна

  • 13.10.2024, 15:28

Ён заступіў на пасаду ўсяго некалькі тыдняў таму.

Прызначаны некалькі тыдняў таму старшыня Лідскага райвыканкама Аляксандр Вярсоцкі паведаміў, што ашуканцы падрабілі ягоную старонку ў Telegram і пісалі ад яго імя падначаленым. Пра сітуацыю ён расказаў у сваім тэлеграм-канале, піша «Люстэрка».

«Ашуканцы пачалі падрабляць старонкі кіраўнікоў, каб здабыць патрэбныя ім звесткі. Дабраліся ўжо і да мяне. Аднаму з маіх супрацоўнікаў прыйшло вось такое паведамленне», – напісаў кіраўнік рэгіёну і прыклаў скрыншот.

«Зламыснікі ствараюць фэйкавы рахунак кіраўніка, як правіла, у Telegram: прозвішча і імя чалавека, а таксама могуць быць ягоныя фатаграфіі – усе яны рэальныя, з афіцыйнага сайта або сацыяльных сетак. Ведаем, што ашуканцы навучыліся падрабляць нават галасы. Не адказвайце! І тым больш не перадавайце звесткі! Для гэтага ёсць афіцыйныя каналы сувязі», – напісаў Версоцкі.

Што менавіта спрабавалі высветліць у падначаленага ашуканцы і чым скончылася гісторыя, чыноўнік не паведаміў.

Апошнія навіны