BE RU EN

Брытанская выведка: РФ пабаялася праводзіць вучэнні ў Чорным моры

  • 13.10.2024, 15:54

Названая прычына.

У верасні Расея ўпершыню за два гады правяла марскія вучэнні, аднак Чорнае мора было выключанае з зоны манеўраў. Пра гэта паведаміла Міністэрства абароны Вялікай Брытаніі ў сацыяльнай сетцы X (раней вядомай як Twitter).

З 10 да 16 верасня расейскі флот арганізаваў буйнамаштабныя стратэгічныя вучэнні пад назвай «Акіян-24», якія сталі першымі пасля двухгадовага перапынку. Да пачатку вайны ва Украіне ў 2022 годзе Расея рэгулярна праводзіла штогадовыя вучэнні з удзелам усіх відаў узброеных сілаў, але апошнія былі скасаваныя ў сувязі з ваеннымі дзеяннямі.

Паводле звестак брытанскай выведкі, вучэнні «Акіян-24» сталі спробай Расеі прадэманстраваць сваю моц і здольнасці, нягледзячы на вайну. Расейскія СМІ паведамляюць, што ў вучэннях удзельнічалі больш за 400 караблёў, 120 самалётаў, 7000 адзінак тэхнікі і 90 тысячаў вайскоўцаў. Манеўры праходзілі ў Баранцавым, Балтыйскім, Міжземным і Каспійскім морах, а таксама ў Ціхім і Паўночным Ледавітым акіянах.

Міністэрства абароны Вялікай Брытаніі выказала сумневы ў дакладнасці гэтых звестак, паказваючы на тое, што ў цяперашні час Расея мае толькі блізу 300 караблёў, гатовых да ўдзелу ў вучэннях. У зводцы таксама адзначаецца, што актыўнасць «Акіян-24» у Чорным моры адсутнічала, верагодна, праз напады з боку Украіны ў першыя шэсць месяцаў 2024 года.

Апошнія навіны