Украінскія дэсантнікі магутна стукнулі па калоне расейскай тэхнікі
- 13.10.2024, 18:52
Акупанты былі вымушаныя ўцякаць з поля бою.
Таўрыйскія дэсантнікі паспяхова адбілі чарговы маштабны наступ расейскіх войскаў. Вораг распачаў штурм з падтрымкай 30 адзінак бранятэхнікі, паведамляе прэс-служба Дэсантна-штурмавых войскаў Узброеных сіл Украіны.
Падчас атакі на пазіцыі 79 асобнай дэсантна-штурмавой Таўрыйскай брыгады, якая абараняе Курахаўскі кірунак, супраціўнік выкарыстаў 25 бронемашын з пяхотай і 5 танкаў.
Аднак заспець знянацку ўкраінскіх абаронцаў не ўдалося - калоны былі своечасова выяўленыя аэравыведкай.
«Акупанты яшчэ далёка на подступах сутыкнуліся з агнём артылерыі і ўдарамі дронаў-камікадзэ. Паспяхова ўступілі ў бой супрацьтанкісты. Надзейна спрацавалі мінныя загароды. Дэсантнікі 79 брыгады, адбіваючы атаку, спалілі 7 бронемашын з пяхотай і 1 танк. Яшчэ адзін танк быў падбіты. 33 акупанты падчас гэтага бою загінулі. Некаторыя проста выгаралі праведным дэсантным агнём. Яшчэ столькі ж расейцаў атрымалі раненні», - паведамілі вайскоўцы.
Астатняя тэхніка, як адзначылі ў брыгадзе, пакінула поле бою, ратуючыся ад украінскіх ударных дронаў.