BE RU EN

«Беларусаў у хлеў ужо не загнаць»

  • 14.10.2024, 10:13

Партрэтамі і білбордамі перакананні людзей не змяніць.

Чытачка сайта Charter97.org з Беластока расказала пра паездку ў Менск. Яна падзялілася з нашым сайтам уражаннямі:

- Першае, што кідаецца ў вочы — гэта білборды. Іх стала мала, вельмі мала. І на іх змешчаныя два тыпы інфармацыі: найбольшыя плошчы займае ідэалагічная пра ўсякіх дзяржынскіх, будзённых, фролікавых, другое ж месца пачэсна заняла рэклама казіно. Яна на кожным кроку. Відавочна, што за гэтыя чатыры гады яе стала ў разы больш.

Людзі, відавочна, пасля шоку акрыялі і проста жывуць сваім жыццём – адаптаваліся да новых варункаў. Прыемна, што ў пад’ездзе дома пачалі вітацца нават незнаёмыя людзі.

За 5 дзён, якія была ў Менску і карысталася метро, на экранах на платформах замест рэкламы ўвесь час паказваюць вусатага верхавода. Мусіць, без рэкламы ўжо не прадаецца. Згадаліся радкі з NRM “твой партрэт прадаецца ў кожнай краме”, пасмяялася. Але як той казаў “сілаю не будзеш мілаю”.

На праспекце Скарыны да мяне падышла жанчынка спытаць дарогу, і калі я пачала адказваць па-беларуску, то яна імгненна перайшла таксама. Гэта значыць, мова на сёння — адзіны маркер “свой-чужы”.

Вярнулася я ў Беласток са змешанымі пачуццямі, з аднаго боку балюча глядзець, як імкліва краіна вяртаецца ў савецкія часы, а з другога боку людзі даюць мне натхненне і надзею. Бо партрэтамі і білбордамі перакананні людзей не змяніць і ў хлеў не загнаць.

Апошнія навіны