УСУ падарвалі расейцаў, якія ехалі ў атаку на «жыгулях»
- 14.10.2024, 10:26
Узровень расейскіх штурмавікоў пачаў падаць.
Расейскія акупацыйныя войскі працягваюць штурмы пяхотай і з выкарыстаннем тэхнікі на фронце. Часам украінскія абаронцы фіксуюць незвычайныя атакі - аднойчы вораг сунуўся на пазіцыі Сіл абароны на звычайным аўто. Пра гэта ў эфіры "Украінскага радыё" распавёў камандзір экіпажа беспілотных авіякомплексаў "Кара нябесная" 4-й брыгады аператыўнага прызначэння "Рубеж" Нацгвардыі Андрэй Отчэнаш.
"Адзін "жыгуль" падарваўся на міне, прадстаўнікі РФ магчыма прыгожа вылецелі акрабатычным піруэтам з аўто і засталіся ляжаць на ўкраінскай зямлі. Іншы "жыгуль" знішчыў FPV-коптэр. Я нават не магу ўявіць, што яны сабе думалі і якая ў іх была мэта ехаць на нашыя пазіцыі... Іх вельмі вялікая колькасць працягвае штурмаваць нашыя пазіцыі, штодня без адпачынку. Яны ідуць і ідуць, паміраюць, ідуць і ідуць, паміраюць. Часам адчуванне, што ў Расеі дзесьці ёсць бройлерская фабрыка дурных расейцаў, якіх спецыяльна ствараюць для вайны, - падзяліўся вайсковец.
Паводле ягоных слоў, 80% палонных акупантаў - абсалютна неадукаваныя людзі, якія не могуць растлумачыць, чаму пайшлі ваяваць. Яшчэ 1% прыйшлі змагацца з "нацызмам".
“Што смешна, улічваючы, што вайна доўжыцца ўжо больш за 2,5 гады. Я яшчэ зразумею, што некаторыя дурні верылі ў "нацызм-фашызм" у пачатку вайны, таму што ім прамылі ў Расеі мозг. Але цяпер ужо ж бачна, што ўсюды, куды прыходзяць ва Украіне расейцы, сапраўды адбываецца нацызм, разруха, знішчэнне - тыповы рашысцкі стан”, - дадаў Отчэнаш.
Вайсковец адзначыў, што дзякуючы надвор'ю штурмавыя дзеянні на фронце будуць змяншацца, хаця ўсё адно будуць працягвацца. Гэта дасць ворагу час, каб падрыхтаваць новую хвалю рэзэрваў. На думку абаронцы, новыя байцы супраціўніка ваююць горш за тых, што былі раней.
“Гэта значыць, нягледзячы на тое, што ў іх дастаткова добрая падрыхтоўка, яны маюць значна меншую матывацыю, нават у тым, што фінансы не так моцна іх “купляюць”, як жаданне выжыць. Калі непасрэдна трапляюць на фронт, то яны ўжо не настолькі "мацёрыя", як тыя, што былі перад імі, і мелі нейкую ідэю. Таму стоадсоткава, што ўзровень расейскіх штурмавікоў будзе падаць”, - рэзюмаваў ён.