BE RU EN

СМІ: Крымінальная справа супраць Шайгу не знятая з позвы Крамля

  • 14.10.2024, 21:03

Можа дайсці і да арышту.

26 верасня ў сталіцы Тувы Кызыле адбылася важная палітычная падзея рэгіянальнага маштабу – пачаў працу Вярхоўны хурал (парламент) чацвёртага склікання. Праўда, адразу пасля паседжання, якое адкрыла восеньскую сесію, у аднаго з дэпутатаў рэзка сапсаваўся настрой і стала зразумела, што разгараецца палітычны скандал. Размова пра самага вядомага дэпутата новага склікання Руслана Цалікава.

«Няўзброеным вокам было заўважна, як моцна ён засмучаны. А Руслан Хаджымелавіч вельмі дасведчаны апаратчык, амаль тры дзясяткі гадоў на федэральным узроўні. Але нават ён не змог схаваць пачуцці», – расказала ўдзельніца паседжання The Moscow Times.

Цалікаў – правая рука, асабісты піяршчык і шматгадовы найбліжэйшы паплечнік Сяргея Шайгу – амаль 12 гадоў адпрацаваў ягоным намеснікам у Мінабароны і звольніўся адразу пасля адстаўкі патрона ў траўні 2024 года.

У Вярхоўны хурал Тувы, родны рэгіён Шайгу, дзейнага сакратара Рады бяспекі, Цалікаў выбраўся ў верасні 2024 года паводле квоты «Адзінай Расеі» ў надзеі там не затрымлівацца, а адразу вярнуцца да звыклага ладу жыцця ў Маскву ў якасці сенатара ад рэспублікі ў Савеце Федэрацыі. Пра тое, каб Цалікаў быў вылучаны ў Раду Федэрацыі, клапаціўся асабіста Шайгу, які ўважаецца за нефармальнага куратара рэгіёну.

«Шайгу хацеў забраць свайго сябра Цалікава да сябе ў Раду бяспекі. З узгадненнем гэтага прызначэння ў яго ўзніклі цяжкасці. Тады праз узгадненне ў Крамлі ён прасоўваў свайго сябра і пратэжэ ў Раду Федэрацыі», – сказала крыніца The Moscow Times.

Іншая крыніца ведае, што Шайгу агучыў кандыдатуру Цалікава ў размове з Уладзімірам Пуціным.

У выніку Шайгу і Цалікаў меркавалі, што пытанне ўзгодненае і ўладжанае. Прызначэнне павінна было адбыцца на першым паседжанні Вярхоўнага хурала, куды ў прыўзнятым настроі прыбыў былы намеснік міністра абароны. Аднак яно так і не было разгледжанае. «У сітуацыю ўмяшаліся спаборнікі Шайгу. Цяпер ідзе апаратная барацьба. Цалікаў яшчэ, магчыма, і будзе прызначаны. Але гэта не дакладна», – расказаў The Moscow Times расейскі высокапастаўлены чыноўнік.

Тое, што здарылася, стала вялікай нечаканасцю для многіх у самой рэспубліцы. Парламенту Тувы нават давялося апублікаваць асобнае тлумачэнне, што для прызначэння сенатара паводле закону ёсць яшчэ цэлы месяц. Папярэдне, пытанне прызначэння сенатара можа быць разгледжанае на другім паседжанні, сказала The Moscow Times крыніца ў Туве.

Праблема з прызначэннем Цалікава – яшчэ адзін індыкатар таго, што некалі самы папулярны чыноўнік расейскага ўраду з мянушкай «Бэтмен» так і не змог аднавіць свой уплыў.

Праз пяць месяцаў пасля адстаўкі з пасады міністра абароны і прызначэння сакратаром Рады бяспекі Шайгу да гэтага часу не выйшаў з няміласці ва Уладзіміра Пуціна і знаходзіцца ў хісткім становішчы, расказалі The Moscow Times пяць дасведчаных суразмоўцаў у расейскай уладзе.

Следчыя прадаўжаюць заводзіць новыя справы ў дачыненні да высокапастаўленых супрацоўнікаў Мінабароны. Арыштаваны цэлы россып генералаў, якія працавалі там разам з Шайгу. Пад вялікай рызыкай знаходзіцца і цесна звязаны з Шайгу некалі адзін з самых уплывовых палітычных кланаў – клан Вараб'ёвых. У дачыненні да некалькіх высокапастаўленых чыноўнікаў ураду Маскоўскай вобласці, губернатарам якой з'яўляецца Андрэй Вараб'ёў, сын намесніка старшыні Рады Федэрацыі і сябра дзяцінства Шайгу Юрыя Вараб'ёва, пачатыя крымінальныя справы аб хабары.

Акрамя таго, частка сваякоў Вараб'ёва атрымала замежныя пашпарты і выказалася супраць уварвання ва Украіну, пісала выданне «Важныя гісторыі» летам 2022 г.

Раней Шайгу даваў інтэрв'ю галоўным крамлёўскім тэлевізійным прапагандыстам, але гэтыя часы мінулі. Сваё першае і адзінае ТВ-інтэрв'ю з моманту прызначэння сакратаром Рады бяспекі Шайгу даў нікому не вядомаму рэпарцёру з тэлеканала «Расея».

«Усе гэта бачаць і ўсе разумеюць, што Сяргей Кужугетавіч пакараны», – сказаў The Moscow Times чыноўнік расейскага ўраду з вайсковым бэкграўндам.

Тры крыніцы The Moscow Times, знаёмыя асабіста з Шайгу і Пуціным сказалі, што ў расейскага прэзідэнта назбіралася вялікая незадаволенасць былым міністрам абароны.

«Крах першых дзён вайны, “Кіеў за чатыры дні”, бардак у войску, адсутнасць нармальнай сувязі, нястача абмундзіравання. Скандал з Прыгожыным, які дастаў брудную бялізну войска. Усё, што адбывалася, – гэта прыніжэнне. Пуцін такія прыніжэнні не даруе», – патлумачыў суразмоўца The Moscow Times, які шмат гадоў працуе ва ўрадзе.

«Шайгу наўрад ці можа сябе адчуваць у поўнай бяспецы. І ён, наколькі мне вядома, моцна перажывае. Пакуль яго не чапаюць, але што будзе далей, ніхто прагназаваць не бярэцца. Не здзіўлюся, калі можа дайсці і да арышту», – кажа дзейны расейскі чыноўнік, знаёмы з былым міністрам абароны.

Шайгу моцна падвёў Пуціна, не здолеўшы стварыць войска, здольнае хутка заваяваць Украіну, і наўрад ці вернецца ў спіс фаварытаў, але ягоная пасадка малаверагодная, хоць цалкам яе выключаць нельга, мяркуе палітолаг Абас Галямаў.

«Цалкам, вядома, спакойны ён [Шайгу] быць не можа. Правілы мяняюцца, сам Пуцін слабее, таму цалкам выключыць таго, што нехта з вельмі патрэбных Пуціну людзей, тыпу [дырэктара ФСБ Аляксандра] Бортнікава ці [гендырэктара “Растэха” Сяргея] Чэмезава, пераканае Пуціна пасадзіць-такі Шайгу, апошні выключаць не можа», – вынікуе эксперт.

Апошнія навіны