Родным беларусаў, якія з'ехалі, прыходзяць лісты ад уладаў
- 15.10.2024, 12:49
Праблемы рэжыму відавочныя.
Сваякам беларусаў, якія з'ехалі з краіны, сталі прыходзіць лісты з прапановай пераканаць тых, хто з'ехаў звярнуцца ў «камісію па вяртанні». Пра гэта стала вядома гарадзенскім праваабаронцам.
У лістах гаворыцца, што той, хто выехаў, павінен указаць прычыну ад'езду, расказаць пра свае правапарушэнні, а калі мела месца злачынства, то “выказаць раскаянне, публічна папрасіць прабачэння і кампенсаваць шкоду”.
Праваабаронцы з “Вясны” нагадваюць пра асаблівасці супрацоўніцтва з гэтай камісіяй. Вядомыя як мінімум 3 выпадкі, калі, нягледзячы на "дамоўленасці" пасля звароту ў "камісію па вяртанні" супраць беларусаў ужо дома распачыналі крымінальныя справы. Агулам паводле інфармацыі праваабаронцаў, з пачатку 2024 года пасля вяртання ў Беларусь былі затрыманыя блізу 60 чалавек. У дачыненні да 17 з іх распачатыя крымінальныя справы.