Паліну Шарэнду-Панасюк зноў асудзілі
- 15.10.2024, 17:54
Ёй дадалі год і дзень калоніі.
Берасцейскай актывістцы «Еўрапейскай Беларусі» Паліне Шарэндзе-Панасюк дадалі год і дзень калоніі паводле артыкула аб злосным непадпарадкаванні адміністрацыі (артыкул 411 КК), распавёў Charter97.org яе муж Андрэй Шарэнда.
Паводле гэтага артыкула Паліну асудзілі трэцім разам.
Паліну Шарэнду-Панасюк затрымалі 3 студзеня 2021 года. Сілавікі выламалі дзверы кватэры, правялі агляд, канфіскавалі шэраг рэчаў, а Паліну затрымалі і ў кайданках адвезлі ў ІЧУ. Пазней яе перавялі ў СІЗА.
9 чэрвеня 2021 г. суд Маскоўскага раёна Берасця прысудзіў яе да двух гадоў калоніі, пасля чаго ёй некалькі разоў дадавалі тэрмін.
За гэтыя гады яе некалькі разоў змяшчалі ў ШІЗА, а таксама на шэсць месяцаў адправілі ў ПКТ. Паліна знаходзіцца ў поўнай ізаляцыі. У калоніі ў актывісткі «Еўрапейскай Беларусі» моцна пагоршылася здароўе. У палітзняволенай знайшлі хранічны панкрэатыт сярэдняй ступені цяжкасці.