Нелегальнае перасячэнне межаў ЕЗ прыкметна ўпала з пачатку 2024 года
- 15.10.2024, 20:06
На 42 адсоткі.
За першыя дзевяць месяцаў 2024 года колькасць спробаў нелегальнага перасячэння знешніх межаў Еўрапейскага Звязу была на 42% меншая, чым за гэты ж перыяд у мінулым годзе.
Пра гэта сведчаць звесткі памежнага агенцтва ЕЗ Frontex, якія прыводзіць «Еўрапейская праўда».
З пачатку 2024-га было зафіксавана 166 тысячаў спробаў нелегальна прабрацца на тэрыторыю ЕЗ, у той час як летась за гэты ж перыяд іх было амаль 280 тысячаў.
Найбольш прыкметнае зніжэнне колькасці нелегальных перасячэнняў мяжы назіралася на заходнебалканскім і цэнтральна-міжземнаморскім маршрутах – на 79% і 64% адпаведна, адзначылі ў Frontex.
У той самы час на ўсходняй сухапутнай мяжы і на заходнеафрыканскім маршруце назіраўся найбольшы рост такіх спробаў – на 192% і 100% адпаведна, або да больш як 30 тысячаў і больш як 13 тысячаў перасячэнняў адпаведна.
За кошт сухапутнага маршруту Украіна, паводле звестак Frontex, апынулася ў тройцы краінаў, грамадзяне якіх ажыццяўлялі больш за ўсё спробаў нелегальнага перасячэння мяжы. Дакладных звестак агенцтва ЕЗ не прыводзіць.
Міграцыя будзе адной з галоўных тэмаў двухдзённага саміту кіраўнікоў дзяржаваў і ўрадаў ЕЗ у Брусэлі, які пачнецца ў чацвер.