У менскай кавярні прадаюць каву з фатаграфіямі котак
- 15.10.2024, 21:19
Фотафакт.
Ідэя прыйшла барысце Кацярыне. Кожны, хто набудзе каву, можа дапамагчы бяздомнай жывёле знайсці хату. Каб гэта стала магчымым, на кубачках размяшчаюць вялікія налепкі з фота гадаванцаў і кантактам валанцёраў, піша «Анлайнер».
Дзяўчына расказвае, што ўсю арганізацыйную працу ў стварэнні і друку налепак узяла на сябе. А валанцёры дапамаглі падабраць фота і гісторыі жывёлінаў.
Першая партыя налепак 240 штук скончылася хутка, цяпер іх надрукавалі больш за 1000 – усё Каця выразае ўручную. Госці кавярні, паводле словаў дзяўчыны, даюць пазітыўны водгук пра незвычайную ідэю.
У будучыні Каця хоча зрабіць нешта накшталт асобных анкетаў з гісторыяй кожнай жывёлы. Іх можна будзе даваць патэнцыйнаму гаспадару, калі захочацца даведацца пра гадаванца больш.
Знаходзіцца Liga Coffee на першым паверсе ГЦ «Гіпа» (пр-т Ракасоўскага, 2).