Польскі дыпламат расказаў, што Лукашэнка казаў пра Пуціна ў асабістай размове
- 16.10.2024, 10:24
Дыктатар адразу незалюбіў кіраўніка Крамля.
Падрабязнасці сваёй развітальнай размовы з Аляксандрам Лукашэнкам паведаміў падчас онлайн-сустрэчы “Свабоднага Беларускага ўніверсітэта” 15 кастрычніка былы амбасадар Польшчы ў Беларусі (1998–2002) Марыюш Машкевіч, піша «Позiрк».
“Лукашэнка быў такі злы, што хацеў прадэманстраваць, што можа сябраваць з Польшчай. І таму пагадзіўся на сустрэчу са мной”, - сказаў дыпламат.
Машкевіч таксама паведаміў, што падчас закрытай часткі размовы прапанаваў Лукашэнку браць прыклад з Расеі, развіццё эканомікі якой тады "было арыентаванае на Захад". На гэта Лукашэнка адказаў, што амбасадар памыляецца, бо не ведае "хто такі Пуцін", але "яшчэ ўбачыць" гэта.
Паводле слоў дыпламата, Лукашэнка заявіў, што да ўлады ў Расеі прыйшлі прадстаўнікі ФСБ, у якіх "няма ніякіх тармазоў і сумлення".