Памежная служба Польшчы апісала нелегальную міграцыю на мяжы з Беларуссю
- 16.10.2024, 12:07
Уязджаюць з 49 краін.
З пачатку 2024 года памежная служба Польшчы зарэгістравала больш за 27 тысяч спроб нелегальнага пераходу мяжы з боку Беларусі.
У ведамстве чакаюць, што да канца года па гэтым паказчыку можа быць пабіты рэкорд. Аб сітуацыі на мяжы Беларуская служба Польскага радыё расказаў старшы Харунжы прэс-службы Падляскага аддзялення памежнай службы Міхаіл Бура. Most коратка падае ягоную інфармацыю.
Са слоў Буры, сёлета ў Польшчу нелегальна спрабавалі патрапіць грамадзяне 49 краін. Гэта не толькі добра асвоеныя кірункі нелегальнай міграцыі, такія як Афганістан, Сірыя, Ірак, але і даволі экзатычныя - Каморскія астравы, Буркіна-Фасо, Папуа - Новая Гвінея.
Некаторыя мігранты, са слоў Буры, прыязджаюць у Расею ці Беларусь "зусім свежымі", гэта значыць непасрэдна са сваёй краіны. Але таксама ёсць вялікая група людзей, якія на працягу многіх гадоў легальна жылі ў Расеі. Іх мэта - Заходняя Еўропа.
Са звестак Буры, больш за 90% мігрантаў, якія патрапілі ў краіну нелегальна, не застаюцца ў Польшчы.
Таму для транспартавання патрэбна развітая сетка кур'ераў. Толькі сёлета ў Польшчы затрымалі 307 памочнікаў і арганізатараў нелегальнай міграцыі. Іх задачай было перавозіць мігрантаў на аўтамабілях у Заходнюю Еўропу.
- Можна сказаць, што гэта ўжо арганізацыя з такой мафіёзнай структурай, - адзначыў Бура.
90% мігрантаў - маладыя мужчыны. Жанчыны і сем'і з дзецьмі, паводле назіранняў Буры, з'яўляюцца на мяжы вельмі рэдка.