Берасцейскага журналіста абвінавацілі ў «здрада дзяржаве»
- 16.10.2024, 14:53
Яго затрымалі пасля вяртання з Расеі.
Берасцейскі журналіст-фрылансер Даніла Палянскі быў затрыманы, як мяркуецца, 19 верасня пасля вяртання на радзіму з Расеі. Дакладная дата невядомая, але пазней сувязь з ім знікла, паведаміла Беларуская асацыяцыя журналістаў.
У пачатку верасня Даніла Палянскі ездзіў у Расею да сваякоў. У дарозе адбыўся інцыдэнт з расейскімі сілавікамі. Ягоны аўтамабіль спынілі супрацоўнікі ФСБ і затым абвінавацілі ў адміністрацыйным парушэнні за непадпарадкаванне — нібыта ён адмовіўся паказваць дакументы.
«Даніла казаў, што ў той момант ягоны пашпарт быў у руках расейскага сілавіка, — распавядае адзін са знаёмых Палянскага. - Пазней, калі ён вярнуўся ў Берасце, яго затрымалі супрацоўнікі КДБ».
Першапачаткова меркавалася, што яго затрымалі за нейкае адміністрацыйнае правапарушэнне. Але днямі стала вядома аб крымінальнай справе. Данілу Палянскаму інкрымінуюць артыкул 356 Крымінальнага кодэкса Беларусі (Здрада дзяржаве). Яго змясцілі пад варту ў СІЗА.
Данілу Палянскаму 53 гады. У якасці відэааператара ў свой час супрацоўнічаў з дзяржаўнымі і камерцыйнымі тэлеканаламі, а таксама з незалежнымі рэгіянальнымі сайтамі. У апошнія гады быў вядомы ў Берасці як валанцёр пошукава-выратавальнага атрада «Анёл», піша БАЖ.