Украінскі генерал назваў горад, які стаў адным з цэнтраў знішчэння войска РФ
- 16.10.2024, 17:02
Гэта нейтралізуе новыя наступальныя аперацыі акупантаў.
Часаў Яр у Данецкай вобласці стаў адным з цэнтраў знішчэння расейскіх акупантаў. Пра гэта сёння, 16 кастрычніка, у эфіры тэлеканала FREEДОМ распавёў генерал, былы кіраўнік Службы замежнай выведкі Украіны Мікалай Маламуж.
Ён адзначыў, што падтрымлівае кантакт з кіраўнікамі 24-й асобнай механізаванай брыгады імя караля Данііла.
«Яны вельмі моцна стаяць там. Гэта моцная брыгада, падрыхтаваная. Праведзеная вельмі вялікая падрыхтоўка ў плане ўмацавання не толькі асабовым складам, але тэхнікай, узбраеннем, боепрыпасамі, асабліва дронамі. Яны перамешчаныя з Нью-Ёрка, калі там трымалі пазіцыю, ніхто не мог рушыць наперад», - сказаў генерал.
Маламуж адзначыў, што цяпер супраціўнік спрабуе абмінуць Часаў Яр з флангаў, бо не можа ўзяць горад «у лоб».
«Яны (расейцы, — рэд.) прасоўваліся па каналах, заходзілі туды, але хлопцы прыстралялі акурат усе гэтыя месцы. І толькі яны заходзяць, пускаюць туды вал агню. І таму знішчэнне вялікай колькасці жывой сілы, ды і тэхнікі - штодня, вельмі эфектыўнае. Дроны нашы актыўна працуюць, таму ўдараюць па сярэдніх і найбліжэйшых тылах. Гэта нейтралізуе новыя наступальныя аперацыі», - сказаў ён.
Са слоў Маламужа, у горадзе ёсць умацавальныя збудаванні, якую даюць магчымасць Сілам абароны Украіны абараняцца і наносіць контрудары.
«Я думаю, што тут якраз адзін з цэнтраў знішчэння вялікай колькасці вайскоўцаў і тэхнікі супраціўніка», - сказаў генерал.