Аўстралія перадае Украіне 49 танкаў Abrams
- 16.10.2024, 19:27
Перадачы тэхнікі Кіеву дабілася ўкраінска-аўстралійская грамада.
Аўстралія пагадзілася перадаць Украіне танкі M1A1 Abrams. Пра гэта паведамляе The Sydney Morning Herald са спасылкай на міністра абароннай прамысловасці краіны Пэта Канроя.
Выданне нагадвае, што ўрад краіны "абдумваў" гэту пастанову некалькі месяцаў, тады як экспэрты заклікалі перадаць Украіне тэхніку, тэрмін службы якой падышоў да канца. Пра гэта заяўляла і ўкраінска-аўстралійская грамада, абураная тым, што спісанае вайсковае абсталяванне прадаецца праз онлайн-аўкцыёны і не перадаецца Кіеву.
Са звестак The Sydney Morning Herald, усяго ў ліпені 2024 года Аўстралія спісала 59 танкаў Abrams, якія "ніколі не выкарыстоўваліся ў баявых дзеяннях" і будуць заменены новымі мадэлямі M1A2. Але Украіне перададуць 49 машын, частку з якіх адрамантуюць перад пастаўкай, а іншыя, зазначае выданне, "будуць выкарыстаны ў якасці запчастак".
Паводле афіцыйных звестак, аўстралійскія Abrams былі набытыя ў 2004 годзе за $550 млн і кожны з танкаў важыць 63 тоны.
Першая партыя амерыканскіх Abrams прыбыла ва Украіну ў верасні 2023 года. У кастрычніку ЗША заявілі, што перадалі Кіеву ўсе абяцаныя танкі. Перад гэтым каля 200 украінскіх вайскоўцаў прайшлі навучанне па кіраванні такімі машынамі на ваеннай базе Графенвер у Нямеччыне.
M1A1 Abrams - асноўны баявы танк ЗША, серыйна выпускаецца з 1980 года. Ён абсталяваны 120-міліметровай танкавай гарматай. Далёкасць эфектыўнай стральбы - амаль 2500-3000 метраў. На ім усталяваная адна з самых дасканалых (і складаных) сістэм кіравання агнём, якая ўключае і лазерныя далямеры, і прыборы начнога бачання, і бартавы кампутар, які дапамагае выбіраць мэты і наводзіцца на іх.