У цэнтры Гародні заўважаныя трусы
- 16.10.2024, 20:00
Як яны там апынуліся?
Гародня прадаўжае здзіўляць сваім светам жывёлаў. Мы неяк расказвалі пра лісу, якая бегала па даху кінатэатра «Кастрычнік», а цяпер у аб'ектыў мясцовага жыхара трапілі трусы.
«У цэнтры горада выпадковыя мінакі заўважылі трусоў. Відаць, як парачка вушастых звяркоў мірна пасвіцца ў раёне вуліцы Рабочай. Дарэчы, побач ідзе нейкая будоўля, але трусоў гэта не бянтэжыць», – піша пра незвычайную сустрэчу выданне Newgrodno.
Разыначку гэтай гісторыі надае той факт, што ад месца, дзе бачылі трусоў, рукой падаць да гарадскіх славутасцяў. Паблізу знаходзіцца сінагога, замкі і пажарная каланча. Як гэтыя трусы апынуліся на волі? Цалкам верагодна, што яны ўцяклі з адной з прыватных гаспадарак. Падпісчыца Newgrodno у сацсетках напісала, што трусы жывуць побач і гаспадар іх проста выпусціў пагуляць.