Расея папрасіла Казахстан арганізаваць унутрырасейскія авіярэйсы
- 16.10.2024, 20:07
Праз нястачу самалётаў.
Расейскія ўлады шукаюць дапамогі «сяброўскіх» краінаў з арганізацыяй унутрырасейскіх пасажырскіх авіярэйсаў праз пагрозу дэфіцыту самалётаў у айчынных перавознікаў, паведамляе The Moscow Times.
Мінтранс вядзе перамовы пра задзейнчанне авіякампаній Казахстана для пералётаў унутры Расеі, паведаміў у сераду кіраўнік установы Раман Старавойт.
Паводле ягоных словаў, размова ідзе пра так званыя кабатажныя перавозкі, калі замежная авіякампанія ажыццяўляе палёты паміж населенымі пунктамі іншай краіны. У Расеі такое права на гэты момант маюць толькі айчынныя авіяперавознікі.
«Магчымасць дазволу кабатажных перавозак разглядаецца на фоне дэфіцыту авіяпарку», – растлумачыў Старавойт. Ён дадаў, што перамовы вядуцца і з іншымі краінамі, але не стаў іх называць (цытаты паводле «Інтэрфаксу»).
Перад пачаткам вайны флот расейскіх авіякампаній налічваў 850 самалётаў, а да пачатку 2023 скараціўся да 736 лайнераў, паводле ацэнак кансалтынгавай кампаніі Oliver Wyman. Праз санкцыі, якія забаранілі пастаўляць у Расею заходнія самалёты і запчасткі да іх, паводле прагнозаў OW, да 2026 года колькасць даступных лайнераў можа зменшыцца ўдвая. А паскоранае «выбыццё» лайнераў замежных вытворцаў пачнецца з 2025 года, паколькі ім будуць неабходныя «капітальныя рамонты», папярэджваў летась прэзідэнта Уладзіміра Пуціна кіраўнік «Растэху» Сяргей Чэмезаў.
Замяніць замежны флот расейскія ўлады планавалі ўласнымі самалётамі, запусціўшы амбіцыйную праграму развіцця авіяпраму, паводле якой аб'ёмы выпуску цывільных лайнераў у краіне павінны былі за два гады выйсці на рэкордныя з савецкіх часоў узроўні – 120 адзінак за год да 2026 года, 200 за год – да 2028 і больш за 230 за год – у 2030.
Паводле праграмы, яшчэ летась расейскія перавознікі павінны былі атрымаць два імпартазамешчаных Sukhoi Superjet і тры лайнеры Ту-214, а сёлета – 20 машынаў першага тыпу, сем – другога, а ў дадатак 6 рэгіянальных лайнераў MC-21 і два турбавінтавыя Іл-114-300.
У рэальнасці расейскі авіяпрам змог выпусціць два Ту-214 і адзін Іл-96-300, і ва ўрадзе прынялі пастанову радыкальна ўрэзаць праграму. У 2025 годзе замест першапачаткова запланаваных 82 самалётаў цяпер чакаецца выпуск толькі 20 машынаў. План на 2026 год зніжаны са 120 лайнераў да 97, на 2027 год – са 180 да 140.
Першы віцэ-прэм'ер Дзяніс Мантураў у верасні папярэдзіў, што налета праграму зноў могуць перагледзець. «Тады будзем разумець больш дакладныя параметры, зыходзячы з таго, што мы будзем падыходзіць да заканчэння ўсіх сертыфікацыйных працэдураў, і будзем разумець канчаткова, якая колькасць, у якія гады, якія авіякампаніі будуць атрымліваць», – сказаў Мантураў.