BE RU EN

З пачатку года ў Беларусі павялічылася колькасць банкруцтваў

  • 17.10.2024, 16:04

Амаль 97% датычацца прыватнага бізнэсу.

У пачатку кастрычніка 2024 года ў вытворчасці эканамічных судоў Беларусі знаходзілася 371 справа, звязаная з працэдурай банкруцтва. У студзені іх было на 72 менш, паведамляе прэс-служба Вярхоўнага суда.

Амаль 97% (362 справы) датычацца прыватнага бізнэсу. На пачатак 2024 года ў вытворчасці эканамічных судоў знаходзілася 299 спраў, з іх 252 - у дачыненні да прыватных юрыдычных асоб і ІП.

Больш за ўсё спраў аб банкруцтве - у Менску (173). А найменш – у Віцебскай вобласці (18).

Так, 29 спраў разглядаюцца ў дачыненні да прадпрыемстваў з доляй дзяржуласнасці, значнай для эканомікі і сацыяльнай сферы краіны. Сярод іх, напрыклад, Берасцейскі камбінат будаўнічых матэрыялаў, Целяханскі завод сталярных вырабаў, Гомельскі тлушчавы камбінат, «АМІПАК», «Рэмід» і г.д.

Пры гэтым у дачыненні да Берасцейскага камбіната будаўнічых матэрыялаў прынятая пастанова аб ліквідацыі да 20 лістапада 2024 года. У дачыненні да Целяханскага завода сталярных вырабаў - падоўжыць тэрміны санацыі да 14 лютага 2025 года.

Апошнія навіны