Сілавікі са стральбой затрымалі жыхара Наваполацка
- 17.10.2024, 17:30
У яго знайшлі пашпарты Украіны і ЗША.
Відэа з затрыманым апублікаваў блізкі да сілавікоў тэлеграм-канал. Аўтары канала называюць затрыманага «проста Коля».
У апісанні відэа пішуць, што ў 2020 годзе прыехаў на ПМЖ у Беларусь, але не ўдакладняюць, з якой краіны. У мужчыны знайшлі пашпарт ЗША і Украіны, піша «Медиазона».
«Падчас ператрусу ў яго знайшлі амерыканскае «шпіёнскае» абсталяванне для глыбокага ўкаранення».
На кадрах затрымання, якія апублікаваў тэлеграм-канал, бачна, што падчас затрымання сілавікі некалькі разоў страляюць з пісталета ў бок затрыманага.
Таксама блізкі да сілавікоў тэлеграм-канал піша, што цяпер мужчына знаходзіцца ў ІЧУ, бо «за яго плячыма ўсяго толькі 4 пратаколы + 1 крымінальная справа».
Журналісты знайшлі старонку затрыманага ва “Вконтакте”, там ён падпісаны як Alex Sanders. У якасці роднага горада ўказаны Наваполацк. На старонцы Alex ёсць фота каля помніка, які ўсталяваны ў Гарадку Віцебскай вобласці. На фота пазначаная дата - 2015 год.