BE RU EN

Кошты золата ўстанавілі новы гістарычны рэкорд

  • 17.10.2024, 18:30

Аналітыкі прагназуюць далейшы рост.

Кошт снежаньскага кантракта на золата на Чыкажскай таварнай біржы (CME) вырас на 0,74%, да $2711,3 за ўнцыю на 17:40 паводле Менску. Гэта новы гістарычны рэкорд - папярэдняга максімуму золата дасягнула на таргах 26 верасня ($2708,7 за ўнцыю).

Кошт золата цягам апошніх месяцаў б'е рэкорды дзякуючы прывабнасці каштоўнага металу ў якасці бяспечнага актыву і маштабным закупам золата цэнтральнымі банкамі. Bloomberg піша, што зараз метал знаходзіць новую падтрымку з прычыны нявызначанасці зыходу прэзідэнцкіх выбараў у ЗША.

«Мы чакаем, што нявызначанасць і валацільнасць будуць расці датуль, пакуль не будзе зацверджаная наступная адміністрацыя ЗША», – кажуць аналітыкі UBS Group. Яны паведамілі, што «золата і нафта могуць быць эфектыўнымі партфельнымі хеджамі», калі на рынках нестабільная сітуацыя.

Акрамя таго, кошты золата падтрымліваюць чаканні зніжэння адсоткавых ставак ФРС. Як піша Bloomberg, за апошні год падвышаныя стаўкі ФРС не змаглі запаволіць імклівы рост каціровак золата. Цяпер многія інвестары мяркуюць, што і паварот ФРС да больш мяккай грашова-крэдытнай палітыкі, і запаволенне тэмпаў эканамічнага росту ў ЗША таксама будуць садзейнічаць далейшаму росту коштаў золата.

Reuters піша, што золата даражэе праз слабую дынаміку даходнасці аблігацый ЗША і чаканае зніжэнне ставак сусветнымі цэнтральнымі банкамі. Акрамя таго, каціроўкі золата падтрымліваюць ваенныя канфлікты.

Удзельнікі штогадовага сходу Лонданскай асацыяцыі ўдзельнікаў рынку каштоўных металаў далі прагноз, што кошты золата вырастуць да $2941 за ўнцыю ў наступныя 12 месяцаў.

На меркаванні віцэ-прэзідэнта і старэйшага стратэга па металах у Zaner Metals Піцера Гранта, ёсць «невялікі шанец» убачыць кошт блізу $3000 за ўнцыю ў першым квартале 2025 года.

Апошнія навіны