Кошт расейскай нафты Urals абрынуўся ніжэй за коштавую столь $60 за барэль
- 17.10.2024, 18:44
На сусветным рынку лішак «чорнага золата».
Законы рынку прыходзяць на змену заходнім санкцыям, якія перасталі эфектыўна абмяжоўваць прыток нафтадаляраў у казну ваяўнічай Расеі. Лішак нафты на сусветным рынку штурхае яе кошты ўніз, а разам з ёй ніжэй за столь $60 за барэль апусціўся і кошт расейскага гатунку, паведамляе The Moscow Times.
Кошт Urals c пагрузкай у балтыйскіх партах і Наварасійску ўпаў 15 і 16 кастрычніка ніжэй за ўстаноўлены краінамі «сямёркі» і ЕЗ узровень $60 на фоне зніжэння каціровак нафты Brent, паказалі разлікі Reuters.
Сусветныя кошты нафты ўпалі ў пачатку гэтага тыдня прыкладна на $6 да $74 за барэль на фоне пагаршэння прагнозаў попыту ў 2024-2025 гг. картэлем ОРЕС і Міжнародным энэргетычным агенцтвам (МЭА). Дадатковым фактарам сталі таксама паведамленні аб тым, што Ізраіль не плануе наносіць удар па нафтавых аб'ектах у Іране ў адказ на яго ракетную атаку. Разам з сусветным рынкам абрынузўся і кошт гатунку Urals; ціск на яго таксама мелі павелічэнне ставак фрахту і дысконту ў індыйскіх партах у кастрычніку, адзначае Reuters.
У апошнія месяцы дысконт складаў $12-13 для Urals у заходніх партах Расеі. На разлікі Reuters, у аўторак кошты партый Urals з адгрузкай на Балтыцы на базісе FOB апусціліся ніжэй за $60 за барэль і ў сераду ацэньваліся на ўзроўні $59,95. А чарнаморскія грузы ў Наварасійску ў сераду ацэньваліся крыху танней - $59,35 за барэль.
Разліковы кошт Urals апусціўся ніжэй за $60 за барэль другі раз з верасня, калі кошт Brent ненадоўга ўпаў ніжэй за $70 за барэль, мінімуму з 2021 г., а расейскі гатунак таннеў да $59.
Усе перабоі з пастаўкамі з Ірана (па якім Ізраіль пагражае нанесці ўдар адплаты) могуць быць кампенсаваныя нафтай са стратэгічных рэзерваў МЭА і Кітая, свабодныя магутнасці краін ОРЕС+ дасягнулі гістарычнага максімуму, а здабыча за межамі картэля вырасце ў гэтым і наступным гадах на 1,5 млн барэляў за дзень, паведаміла МЭА ў аўторак. У выніку «ў адсутнасць сур'ёзных перабояў [з пастаўкамі] рынак сутыкнецца з вялікім лішкам налета».