«Жальгірыс» зрабіў адзін з найлепшых камбэкаў у гісторыі Еўралігі
- 18.10.2024, 11:11
Клуб з Каўна за 14 хвілін да канца гульні саступаў з розніцай 27 балаў.
Літоўскі "Жальгірыс" дзякуючы перамозе над італьянскім Міланам (85:82) упісаў сябе ў гісторыю Еўралігі, паказаўшы адзін з найлепшых камбэкаў турніру.
Аб гэтым піша Basket News.
Клуб з Каўна за 14 хвілін да канца гульні саступаў з розніцай 27 балаў, але пасля гэтага "зялёна-белыя" паступова скарачалі дыстанцыю і перамаглі ў гульні.
За ўсю гісторыю самага прэстыжнага турніру Еўропы толькі адной камандзе ўдалося атрымаць перамогу, уступаючы падчас сустрэчы з большай розніцай. Адбылося гэта ў сезоне 2012/13, калі польскі "Пракам" абыграў "Мантэпаскі" ў Італіі, саступаючы ў пачатку трэцяй чвэрці 28 балаў.
Як паведаміла клубная прэсслужба літоўскага гранда, для «Жальгірыса» гэта найлепшы камбэк у гісторыі клуба.