Затрыманыя некалькі актораў Рэспубліканскага тэатра беларускай драматургіі
- 19.10.2024, 15:11
Вядомыя прозвішчы як мінімум трох з іх.
Затрыманыя як мінімум трое актораў Рэспубліканскага тэатра беларускай драматургіі (РТБД). Прычыны высвятляюцца, паведамляе праваабарончы цэнтр «Вясна».
Праваабаронцы атрымалі звесткі пра затрыманне шэрагу актораў Рэспубліканскага тэатра беларускай драматургіі – аднаго з самых папулярных у краіне.
Ім вядомыя прозвішчы як мінімум трох затрыманых, інфармацыя пра іншых людзей правяраецца.
Таксама высвятляюцца прычыны і падрабязнасці здарэння.
Раней стала вядома пра звальненне Святланы Карукінай з пасады дырэктаркі Рэспубліканскага тэатра беларускай драматургіі. Гэта адбылося яшчэ сёлета ў ліпені. Пацвярджэннем гэтага сталі змены на сайце тэатра. Прозвішча і партрэт Карукінай зніклі адтуль.
У апошні час РТБД заставаўся адным з самых папулярных беларускіх калектываў. Аднак рэпрэсіі не абышлі бокам і яго.
Увосень 2020 года РТБД пакінулі акторы Мікалай Стонька і Андрэй Новік. Першы зрабіў гэта на знак пратэсту супраць цэнзуры. Другі – «на знак салідарнасці з страйкоўцамі і звольненымі». У траўні 2021 года з краіны з'ехаў Ілья Ясінскі. У 2020-м ён удзельнічаў у пратэставых маршах. Падчас аднаго з іх яго затрымалі і зламалі пазванкі. У канцы снежня 2021 года звольнілі мастацкага кіраўніка тэатра Аляксандра Гарцуева. Ён узначальваў РТБД з 2012 года.
У сакавіку – пачатку красавіка 2022 года з тэатра сышлі або былі звольненыя чатыры акторы: Алена Баярова, Марыя Пятровіч, Марына Здаронкава і Максім Шышко. Апошняга 27 лютага затрымлівалі на антываеннай дэманстрацыі.