У Кангрэсе патрабуюць ад Байдэна рэакцыі на ўдзел войска КНДР у вайне супраць Украіны
- 19.10.2024, 16:01
Гэта павінна стаць "чырвонай лініяй".
У ЗША старшыня камітэта разведкі Палаты прадстаўнікоў Майк Тэрнер патрабуе ад Белага дома неадкладнага брыфінгу на фоне паведамленняў аб тым, што войскі Паўночнай Карэі могуць удзельнічаць у баявых дзеяннях супраць Украіны на баку РФ.
Пра гэта гаворыцца ў лісце кангрэсмена прэзідэнту ЗША Джо Байдэна, паведамляе "Еўрапейская праўда".
Са слоў Тэрнера, прыцягненне паўночнакарэйскіх вайскоўцаў да ўдзелу ў вайне супраць Украіны павінна стаць "чырвонай лініяй".
У лісце ён адзначае, што звесткі аб войсках КНДР ва Украіне з'яўляюцца трывожнымі і сведчаць аб надзвычайнай эскалацыі канфлікту ва Украіне.
- Паўночнакарэйскія войскі, якія атакуюць Украіну з расейскай тэрыторыі або ўступаюць на ўкраінскую тэрыторыю, павінны быць чырвонай лініяй для ЗША і NATO. Ваша адміністрацыя павінна зрабіць гэта цалкам дакладна і недвухсэнсоўна, - піша Тэрнер да Байдэна.
Ён таксама заявіў аб неабходнасці склікаць брыфінг у Камітэце пытанняў разведкі Палаты прадстаўнікоў што да магчымага прыцягнення паўночнакарэйскага войска ў вайну ва Украіне.
Кіраўнік Галоўнага ўпраўлення разведкі Кірыл Буданаў раней заявіў, што блізу 11 тысяч пяхотнікаў з КНДР могуць прыцягнуць у вайну з лістапада.