У Менску сабралася «рада маральнасці»
- 19.10.2024, 18:17
Абмяркоўвалі квадрабэраў.
У пятніцу, 18 кастрычніка, у Менску адбылося «пашыранае пасяджэнне» «грамадскай рады маральнасці» — сумеснага органа, заснаванага Беларускай Праваслаўнай Царквой і праўладным саюзам пісьменнікаў Беларусі, паведамляе Афіцыйны партал БПЦ.
Пасяджэнне вялі кіраўнікі рады — мітрапаліт Веніямін і старшыня саюза пісьменнікаў Алесь Карлюкевіч.
Асобным пунктам у позве стала не што іншае, як квадробінг. Сябры рады маральнасці абмеркавалі рост яго папулярнасці сярод моладзі, даклад з гэтай нагоды выступіў сам Карлюкевіч.
«У сувязі з ростам папулярнасці ў моладзевым (асабліва — падлеткавым) асяроддзі квадрабікі (квадрабінгу), у газеце «Літаратура і мастацтва» на падставе вывучэння пытання апублікаваны матэрыялы аб гэтай субкультуры. На пасяджэнні рады прагучаў даклад… Карлюкевіча Аляксандра Мікалаевіча па гэтай тэме», — гаворыцца ў прэс-рэлізе паводле вынікаў пасяджэння.