Чаму Лукашэнка загаварыў аб захопе Чарнобыльскай АЭС
- 2.10.2024, 14:13
Гэтыя словы разлічаныя на людзей з кароткай памяццю.
Нечаканым момантам сустрэчы Лукашэнкі і кіраўніка МАГАТЭ Рафаэля Гросі стала выказванне дыктатара, піша «Наша Нiва».
Ён раптам, без усялякай на тое нагоды, загаварыў пра Чарнобыльскую станцыю. І заявіў: ні ў Менска, ні ў Масквы няма планаў яе захопліваць, пра што нібыта пішуць нейкія ўкраінскія СМІ.
«Я вас абсалютна запэўніваю, што гэта глупства поўнае, якое мяне нават здзівіла. Мы ў страшным сне нават не маглі ўявіць, што нам давядзецца захапіць Чарнобыльскую атамную станцыю і за яе потым адказваць», — адказваў Лукашэнка на пытанне, якое Гросі нават не задаваў.
Напраўду, гэтыя словы разлічаны на людзей з кароткай памяццю. У першы ж дзень уварвання 24 лютага 2022 года расейскія вайскоўцы зайшлі з тэрыторыі Беларусі, захапілі ЧАЭС і ўтрымлівалі яе крыху больш за месяц.
Новая згадка пра Чарнобыль, у выніку, дадала напружання, а не знізіла яго.