Ракетная праграма Ірана пацярпела фіяска
- 2.10.2024, 17:25
Атака на Ізраіль агаліла яе няўдачу.
Аналітыкі мяркуюць, што масаваная атака Ірана на Ізраіль была няўдалай. Яна засведчыла фіяска ракетнай праграмы Тэгерана.
Пра гэта паведамляе профільнае выданне Defense Express.
Паводле звестак войска абароны Ізраілю, Іран 1 кастрычніка выпусціў па тэрыторыі Ізраіля 181 балістычную ракету. Падчас папярэдняга масаванага нападу Іран атакаваў Ізраіль 130 дронамі-камікадзэ, 30 крылатымі і 120 балістычнымі ракетамі. «Шахеды» ляцелі амаль шэсць гадзін, таму атака не была нечаканасцю для ЦАХАЛа.
На гэты раз атака доўжылася блізу 30 хвілін, ракеты былі запушчаны хвалямі. Апублікаваныя ў сетцы відэа стваралі ўражанне, што Іран праламаў супрацьпаветраную абарону Ізраіля, але гэта было не так.
З афіцыйных заяў Ізраіля, у выніку ўдару два чалавекі атрымалі раненні, адзін чалавек загінуў. Гэта быў палестынец у Сектары Газа, і ягоная гібель звязана не з выбухам. Мужчына выйшаў са сховішча да адбою трывогі, і на яго ўпала частка перахопленай іранскай ракеты.
Яшчэ адна іранская ракета ўдарыла па школе ў горадзе Гадэры ў цэнтральнай частцы Ізраіля, іншая прызямлілася за 400 метраў ад штаб-кватэры ізраільскай выведвальнай службы «Масад».
Іншыя наступствы атакі - гэта выбітае шкло, варонкі на дарогах, засыпаныя зямлёй аўто.
Аналітыкі выдання адзначаюць, што супрацьракетная абарона Ізраіля магла прапусціць іранскія ракеты, улічваючы іх колькасць. За перахоп балістыкі адказваюць сістэмы Arrow-3 або Прашча Давіда. Вядомы «Жалезны купал» не прызначаны для збівання балістычных ракет і можа «дапрацоўваць» па абломках.
«У той жа час іранскія ракеты прадэманстравалі дакладнасць на ўзроўні «некуды ў Ізраіль», а ў лепшым выпадку ў раёне +/- 400 метраў, калі браць выпадак з упалай побач са штаб-кватэрай «Масада» ракетай», - адзначаюць у Defense Express.
Акрамя таго, у іранскіх ракет была невялікая баявая частка, якая да таго ж выбухала, калі ўжо «закапалася» ў зямлю, што змяншала і нават нівеліравала яе разбуральную сілу.
На думку аналітыкаў, іранскі напад паказаў правал усёй ракетнай праграмы Тэгерана. Ракеты аказаліся хоць і дальнабойнымі, але недакладнымі і маламагутнымі.
"Відавочна, Іран запытае ў РФ сістэмы навігацыі для іх, якія дазволяць нівеліраваць адзін з недахопаў", – дадаюць аўтары.