BE RU EN

У Лондане пачынаецца гучны суд аб кампенсацыі за прысвоеныя Расеяй самалёты

  • 2.10.2024, 18:55

Пазоў на мільярды.

У Высокім судзе Лондана пачаўся судовы працэс наконт таго, хто кампенсуе шкоду за сотні самалётаў, якія захраслі ў Расеі, піша Bloomberg.

Лізінгадаўцы, такія як AerCap Holdings, падалі ў суд на страхавальнікаў, уключаючы падраздзяленні AIG і Lloyd's, пасля таго, як Расея адмовілася вярнуць самалёты, здадзеныя ў арэнду мясцовым авіякампаніям пасля ўварвання ва Украіну і ўвядзення санкцый заходнімі краінамі.

Расейскія авіякампаніі адмовіліся вярнуць амаль 800 замежных самалётаў і перарэгістравалі іх на тэрыторыі РФ пасля скасавання кантрактаў.

Першапачатковы пазоў AerCap на $3,4 млрд быў скарочаны да больш за $2 млрд пасля ўрэгулявання, прэтэнзіі іншых лізінгадаўцаў па справе таксама дасягаюць сотняў мільёнаў даляраў.

Раней страхавыя кампаніі сцвярджалі, што самалёты не страчаныя, бо расейскія авіякампаніі працягваюць іх выкарыстоўваць, а ў страхоўках дзейнічаюць некаторыя выключэнні, што робіць кампенсацыю несапраўднай.

З 141 самалёта і 29 аўтаномных авіярухавікоў AerCap 116 самалётаў і 15 рухавікоў застаюцца ў Расеі і выкарыстоўваюцца 15 авіякампаніямі, уключаючы Аэрафлот.

«Рэальнасць, якая была відавочная ўжо дастаткова даўно, такая, што самалёты і рухавікі страчаныя», – заявіў у судзе адвакат AerCap Марк Ховард.

Чакаецца, што судовы працэс будзе працягвацца да снежня, а прыняцце пастановы можа заняць некалькі месяцаў пасля гэтага.

У 2022 годзе Fitch Ratings ацаніла агульны застрахаваны рэшткавы кошт самалётаў, якія знаходзяцца ў валоданні Расеі, на $13 млрд. З тых часоў многія пазовы былі задаволеныя.

Апошнія навіны