BE RU EN

Колькі грошай ідзе на заробкі хакеістам менскага «Дынама»

  • 2.10.2024, 21:51

Гадавая заробкавая ведамасць вырасла.

Хакейны клуб «Дынама-Менск» выдаткуе як мінімум $6,8 млн на заробкі гульцам. Такія лікі прыводзіць «Спорт-Экспресс» у спецыяльным фінансавым раздзеле.

Для параўнання, у мінулым сезоне «зубры» выплацілі хакеістам прыкладна $4,9 млн.

Пры гэтым у базе звестак няма інфармацыі пра бонусы і прэміі, а таксама пра тых гульцоў, хто не ўпісваецца ў «мінімалку» (менш за $10 тыс. за сезон).

Такую інфармацыю крыніца атрымлівае з Цэнтральнага інфармацыйнага бюро КХЛ (ЦІБ), у якім публікуюцца кантрактныя статусы хакеістаў, іх заробкі, а таксама іншая карысная інфармацыя.

Як правіла, яна носіць закрыты характар, аднак «СЭ» цягам трох сезонаў складае базу звестак з тых хакеістаў, якія ім вядомыя.

Самы высокааплатны хакеіст менскага «Дынама» – Дылан Дзюбэ. У яго прапісаны мінімальны заробак блізу $600 тыс. за сезон без уліку бонусаў.

$540 тыс. атрымліваюць трое: Аляксандр Волкаў, Джордан Грос і Сэм Энас. Заробак Ксаўе Уэле і Вадзіма Шыпачова – $487 тыс. Навічок «зуброў» Крыс Цірні атрымае больш за $432 тыс.

Самы высокааплатны беларус – Крысціян Хенкель, у яго амаль $380 тыс. У заробкавай ведамасці «Дынама» знаходзіцца ў сярэдзіне табліцы клубаў КХЛ.

Апошнія навіны