BE RU EN

У Менску правялі эксперымент з новай дарожнай разметкай

  • 20.10.2024, 11:14

Што азначаюць стрэлкі і калі яны будуць па ўсёй Беларусі?

У ДАІ з канца верасня пастанавілі правесці эксперымент на некаторых адцінках кальцавой дарогі ў Менску. Там з'явіліся загадкавыя стрэлкі на палосах руху аўтамабіляў, піша «Телеграф».

Што яны азначаюць?

У ДАІ сталіцы мяркуюць, што такая разметка дапаможа кіроўцам ацаніць правільную дыстанцыю да транспарту, які ідзе наперадзе, і ў выпадку рэзкага тармажэння не ўехаць у калегу спераду.

Такія стрэлкі нанеслі на з'ездзе з МКАД на праспект Незалежнасці. Аднак зразумець іх сэнс без тлумачэння аўтараў эксперыменту не так проста.

«…дзве стрэлкі да аўто наперадзе падкажуць, што дыстанцыя бяспечная. Адлегласць паміж «стрэламі» разлічаная з улікам бяспечнай дыстанцыі пры дазволенай хуткасці руху, якая папярэдзіць сутыкненне ў выпадку ўзнікнення няштатных сітуацый шляхам ужывання экстраннага тармажэння», - растлумачылі ў ДАІ.

Такім чынам, у месцах новай разметкі кіроўцам варта трымацца ад аўто, якое наперадзе рухаецца на такой адлегласці, каб былі бачныя на асфальце дзве намаляваныя стрэлкі. Іх акурат нанеслі там, дзе ДТЗ праз няправільна выбраную кіроўцамі дыстанцыю адбываюцца часцей.

Для дапамогі кіроўцам перад незвычайнай разметкай размясцілі і тлумачальныя дарожныя знакі. Зрэшты, наколькі яны зразумелыя, вызначаць вам. Бо на іх, у адрозненне ад каментара ДАІ, рэкамендуецца трымацца толькі на дыстанцыі з адной стрэлкай ад наступнага аўто.

У ДАІ паабяцалі, што эксперымент працягнецца некалькі месяцаў, а ў выпадку поспеху (цікава, як яго вызначаць?) такія стрэлкі могуць з'явіцца і на іншых дарогах Беларусі.

Апошнія навіны