Нацбанк прыняў пастанову, якая ўплывае на стаўкі ў жыллёвых крэдытах
- 21.10.2024, 19:29
Падрабязнасці.
Нацыянальны банк Беларусі прыняў пастанову датычна разліковай велічыні стандартнай рызыкі (РВСР).
Як паведамілі ў прэс-службе рэгулятара, прынятая пастанова не мяняць гэты паказнік у лістападзе. Да гэтага банк не мяняў РВСР на верасень і кастрычнік.
У наступным месяцы РВСР у крэдытах для юрыдычных асобаў захаваецца на ўзроўні 12,5% гадавых, а ў крэдытах для фізічных асобаў – 17,71%.
Адзначым, што з лютага Нацбанк паніжаў разліковыя велічыні стандартнай рызыкі раз на тры месяцы.
Банкі, якія перавышаюць разліковыя велічыні стандартнай рызыкі, павінны выконваць павышаныя патрабаванні ў галіне дастатковасці капіталу, фармавання спецыяльных рэзерваў на пакрыццё магчымых стратаў і фармаванне фонду абавязковых рэзерваў.
Такім чынам, паказнік ускосна ўплывае на кошт пазык у краіне.
Яшчэ адзін паказнік, на які банкаўскія ўстановы арыентуюцца пры фармаванні адсоткавых ставак у крэдытах, – стаўка рэфінансавання. На гэты момант яна складае 9,5 адсотка гадавых.
Нацбанк прагназуе, што стаўка рэфінансавання за 2024 год у сярэднім будзе на ўзроўні 9–9,5% гадавых.
Адзначым, што беларусы прадаўжаюць браць у банкаў пазыку. Пазыковыя сумы ставяць рэкорды. Так, запазычанасць насельніцтва ў крэдытах на 1 верасня склала Br23,915 млрд. Гэта на Br536,4 млн больш, чым месяц таму.