Reuters: ЗША і Кітай абрынулі цэны нафты
- 22.10.2024, 12:34
Гэта адбылося сёння.
Цэны на нафту знізіліся сёння, 22 кастрычніка, паколькі ЗША аднавілі актыўныя намаганні ў спыненні агню на Блізкім Усходзе, а Кітай працягвае сутыкацца з запаволеннем росту попыту. Пра гэта паведамляе Reuters.
Снежаньскія ф'ючарсы на нафту Brent упалі на 60 цэнтаў, ці 0,8%, да 73,69 даляраў за барэль, а лістападаўскія ф'ючарсы на нафту WTI (West Texas Intermediate) знізіліся на 6 цэнтаў, да 70,50 даляраў за барэль.
У той жа час, снежаньскія ф'ючарсы на WTI прадэманстравалі падзенне на 57 цэнтаў, ці 0,8%, да 69,47 даляра за барэль.
Нагадаем, сёння Дзяржаўны сакратар ЗША Энтані Блінкен прыбыў у Ізраіль - першы прыпынак у сваім блізкаўсходнім турнэ. У час яго дзяржаўны дзеяч будзе спрабаваць аднавіць перамовы аб спыненні вайны ў Газе і разрадзіць лібанскі канфлікт.
«Цэны на сырую нафту вагаюцца ў адказ на неадназначныя навіны з Блізкага Усходу, паколькі сітуацыя мяняецца на эскалацыю і дээскалацыю», - кажа аналітык Rakuten Securities Сатору Ёшыда.
Экспэрты мяркуюць, што кошты могуць падняцца, калі з'явяцца больш дакладныя прыкметы эканамічнага аднаўлення Кітая, падмацаванага стымулюючымі мерамі Пекіна. Але поспехі, магчыма, будуць абмежаваныя - праз нявызначанасць наконт агульных даляглядаў сусветнай эканомікі.