У Судане збілі грузавы самалёт з расейцамі на борце: з'явіліся новыя падрабязнасці
- 24.10.2024, 16:09
Борт маглі выкарыстоўваць для пастаўкі зброі.
Збіты над Суданам самалёт з расейцамі на борце маглі выкарыстоўваць для папаўнення зброяй і боепрыпасамі абложанага горада Аль-Фашыра. Пра гэта паведамляе Reuters са спасылкай на крыніцы і дакументы, знойдзеныя на месцы падзення самалёта.
Як сцвярджаюць у «Сілах хуткага рэагавання» Судана, самалёт збілі адразу пасля адгрузкі партыі зброі. Reuters дадае, што не змаглі незалежна пацвердзіць, як збілі самалёт ці якім маршрутам ён ляцеў.
Агенцтва паказвае, што, прынамсі, адзін з расейцаў на борце ў мінулым гандляваў зброяй. Гэта 67-гадовы Віктар Гранаў, звязаны з расейскім «прадаўцом смерці» Віктарам Бутам. Паводле паведамленняў, Гранаў кіраваў дзвюма авіякампаніямі, якія абвінавачваюцца ў парушэнні зброевага эмбарга ў Дэмакратычнай Рэспубліцы Конга.
Іншым расейцам, чые дакументы знайшлі на борце, быў 33-гадовы Антон Селіванец. На яго фатаграфіях у сацсетках відаць, як ён пазуе з самалётамі Іл-76 з лагатыпам Сусветнай харчовай праграмы (WFP) у аэрапортах Эфіопіі. У WFP адказалі, што расеец не з'яўляецца іх супрацоўнікам ці падрадчыкам.
Журналісты адзначаюць, што «Сілы хуткага рэагавання» Судана даслалі ім відэа з разбітага самалёта, на якім таксама бачны 61-гадовы расіянін Аляксандр Кабанаў. Ён служыў у элітных паветраных войсках і некалькі гадоў правёў у Афрыцы.
21 кастрычніка «Сілы хуткага рэагавання» Судана паведамілі, што на захадзе краіны збілі грузавы самалёт, на борце якога, паводле іх версіі, знаходзіліся грамадзяне Расіі. У аднаго з членаў экіпажа быў знойдзены расійскі пашпарт. Сярод абломкаў была знойдзена інструкцыя па бяспецы на рускай мове.