Амаль новая база адпачынку на Нарачы патрапіла на аўкцыён
- 24.10.2024, 16:15
У склад лота ўваходзяць тры аб'екты - сам гасцінічны дом, будынак лазні і домік для барбекю.
Нерухомасць побач з самым вялікім возерам краіны ніколі не была таннай. І гэта не дзіўна, бо менавіта Нарач штогод прыцягвае ў Мядзельскі край тысячы турыстаў. Цяпер за некалькі кіламетраў ад пясчаных пляжаў прадаецца гасцінічны комплекс, які належыць дзяржаве. Міні-гатэль ужо спрабавалі рэалізаваць з аўкцыёну летась, але не выйшла. Другая спроба прызначаная на лістапад. Таргі пройдуць на пляцоўцы «БУТБ-Маёмасць», піша Realt.
Гасцінічны комплекс знаходзіцца ў вёсцы Абрамах Нарацкага сельсавета Мядзельскага раёна. Да возера Нарач адсюль напрасткі - блізу 3 кіламетраў. Пры гэтым побач з вёскай таксама ёсць некалькі невялікіх азёр.
Належыць міні-гатэль Менскай абласной комплекснай спецыялізаванай дзіцяча-юнацкай школе алімпійскага рэзерву. У склад лота ўваходзяць тры аб'екты - сам гасцінічны дом, будынак лазні і домік для барбекю. Плошча асноўнага будынка складае 138 квадратаў, лазні - 40 квадратаў, летняй хаткі - 50 квадратаў.
Будынкі, узведзеныя з дрэва - зусім новыя. Іх пабудавалі ў 2012 годзе. Унутры збудаванняў ёсць усе камунікацыі - ацяпленне, водазабеспячэнне, электразабеспячэнне, каналізацыя.
На тэрыторыі ўстановы пракладзеныя дарожкі, пабудаваныя альтанкі і мангалы, зробленае добраўпарадкаванне. Таксама тут маецца свая сажалка з мастком.
Пачатковы кошт аб'екта - 1,15 мільёна рублёў (блізу 350 тысяч даляраў). Аўкцыён пройдзе 14 лістапада.
Дарэчы, у вёсцы Абрамах размяшчаецца і база адпачынку «Лясная сядзіба». Цяпер яна таксама выстаўленая на продаж.