Акцыі Tesla ўзляцелі на 20%
- 24.10.2024, 20:24
На фоне моцных вынікаў і прагнозаў.
Акцыі Tesla на максімуме 24 кастрычніка падскочылі на 20,05%, да $256,5, сведчаць звесткі біржы NASDAQ. На 19:36 паводле Менска паперы кампаніі дадаюць 19,26% і гандлююцца на адзнацы $254,8 за акцыю.
Увечары ў сераду, 23 кастрычніка, пасля закрыцця асноўнай сесіі, Tesla апублікавала фінансавыя вынікі за трэці квартал 2024 года. Як піша CNBC, паказнікі кампаніі перасягнулі чаканні аналітыкаў:
выручка ў трэцім квартале вырасла на 8% у параўнанні з аналагічным перыядам мінулага года, да $25,18 млрд;
аперацыйныя выдаткі скараціліся на 6%, да $2,28 млрд;
скарэктаваны паказнік EBITDA павялічыўся на 24% і склаў $4,67 млрд;
свабодная грашовая плынь вырасла на 223%, да $2,74 млрд;
пастаўкі аўтамабіляў выраслі на 6%, да 462,89 тысячы штук.
На тэлефанаванні з інвестарамі кіраўнік Tesla Ілан Маск паведаміў, што вытворчасць электрамабіля Cybertruck сёлета ўпершыню выйшла на прыбытковасць. Прадпрымальнік прагназуе рост продажаў аўтамабіляў у цэлым на 20–30% у наступным годзе. Ён таксама выказаў упэўненасць у тым, што зможа атрымаць ухвалу рэгулёўных органаў на запуск сэрвісу выкліку таксі ў Каліфорніі і Тэхасе ў 2025 годзе.
CNBC піша, што хоць аналітыкі і засталіся задаволеныя вынікамі Tesla, яны з асцярожнасцю ставяцца да кампаніі і адзначаюць, што ў вытворцы электрамабіляў, які знаходзіцца ў заняпадзе, на доўгатэрміновую перспектыву ўсё яшчэ ёсць пытанні, на якія трэба адказаць.
Паводле словаў аналітыка Goldman Sachs Марка Дэлані, поспех Tesla у будучыні стане ў першую чаргу залежыць ад таго, ці зможа кампанія выканаць свае абяцанні ў выпуску аўтамабіляў з аўтапілотам. Дэлані нейтральна глядзіць на паперы кампаніі з мэтавым коштам $250 за акцыю. Аналітык Barclays Дэн Леві мае падобны погляд на акцыі Tesla. Яго мэтавы кошт – $220 на акцыю.
Але кіраўнічы дырэктар Morgan Stanley Адам Джонас мяркуе, што інвестары, занепакоеныя траекторыяй росту Tesla, могуць крыху выдыхнуць пасля таго, як прыбытак за трэці квартал перасягнуў чаканні Маска і прагноз вытворчасці на 2025 год. Адам Джонас мяркуе, што акцыі Tesla могуць дасягнуць $310 за штуку.