BE RU EN

Памёр Віктар Лук'янаў, які ствараў візуальнае аблічча Наваполацка

  • 24.10.2024, 20:41

Яму было 84 гады.

18 кастрычніка пайшоў з жыцця наваполацкі мастак, акварэліст, чалец Беларускага звязу мастакоў, ганаровы грамадзянін Наваполацка Віктар Лук'янаў. Гэта мастак, які ствараў візуальнае аблічча Наваполацка, паведамляе радыё «Рацыя». Яму было 84 гады.

Віктар Лук'янаў нарадзіўся 27 лютага 1940 года ў вёсцы Уласава Віцебскага раёна.

Яшчэ будучы студэнтам мастацка-графічнага факультэта Віцебскага дзяржаўнага педагагічнага інстытута, ён актыўна ўдзельнічаў у выставах і сур'ёзна захапіўся акварэллю. Менавіта акварэль ён называў сваёй улюбёнай тэхнікай, якой валодаў віртуозна.

У 1970-я гады Віктара Лук'янава запрасілі прыехаць у горад Наваполацк, які актыўна забудоўваўся, і заняць там пасаду галоўнага мастака. У той час у горадзе мастакі і архітэктары працавалі разам. Віктар Міхайлавіч шмат працаваў над афармленнем грамадскіх будынкаў. Ім і ягонымі калегамі былі выкананыя вітражы ў паліклініцы № 1, пано ў кінатэатры «Менск», мазаікі на фасадах дзіцячых садоў і многае іншае.

У 1998 годзе Віктару Міхайлавічу было прысвоена званне Ганаровага грамадзяніна горада Наваполацка.

На рахунку майстра дзясяткі манументальных працаў у інтэр'ерах і экстэр'ерах грамадскіх будынкаў. Акварэльныя працы Віктара Лук'янава захоўваюцца ў мастацкіх музеях, галерэях і прыватных калекцыях Беларусі, Расеі, Польшчы, Японіі, ЗША, Італіі, Нямеччыны, Швэцыі, Ізраіля.

Апошнія навіны