BE RU EN

Літва пастанавіла дэмантаваць лінію электраперадач з Беларуссю

  • 25.10.2024, 19:35

Адключэнне інфраструктуры запланаванае на 8 лютага.

Літва пачне дэмантаж ліній электраперадачы, якія злучаюць яе з Беларуссю і РФ, увесну 2025 года, паведамляе Літоўскае нацыянальнае радыё і тэлевізія са спасылкай на аператара электрасетак Litgrid. Адключэнне інфраструктуры запланаванае на 8 лютага, калі скончыцца дзеянне дамовы аб адзінай электраэнэргетычнай сістэме Беларусі, Расеі, Эстоніі, Латвіі і Літвы (БРЭЛЛ). «Адразу пасля гэтага пачнецца дэмантаж», – гаворыцца ў паведамленні.

Аператар удакладняе, што частка ліній застанецца ў працоўным стане да фактычнага падключэння Літвы да адзінай энэргасістэмы кантынентальнай Еўропы, што, як чакаецца, адбудзецца 9 лютага 2025 года. У ліпені Літва афіцыйна апавясціла Расею і Беларусь аб непадаўжэнні дамовы БРЭЛЛ.

23 кастрычніка ўрад Літвы выключыў гэтыя лініі з пераліку аб'ектаў, якія належаць да нацыянальнай бяспекі. Агулам са спісу былі выключаныя сем буйных ЛЭП магутнасцю 330 кВ.

У пачатку лета стала вядома аб намеры краін Балтыі адключыць свае электрычныя сеткі ад БРЭЛЛ. Першапачаткова меркавалася, што далучэнне Літвы, Латвіі і Эстоніі да кантынентальнай еўрапейскай электрасеткі адбудзецца ў канцы 2025 года. Жаданне аддзяліцца ад расейскай і беларускай энэргасістэмы ў балтыйскіх дзяржаў узнікла яшчэ ў 2007 годзе, бо залежнасць ад расейскай электраэнэргіі яны разглядаюць як стратэгічную рызыку.

На сёння Літва, Латвія і Эстонія застаюцца адзінымі краінамі Еўразвязу, не падлучанымі да еўрапейскай сеткі, бо раней яны былі інтэграваныя ў савецкую энэргасістэму. У 2018 годзе гэтыя дзяржавы падпісалі пагадненне з Еўрапейскай камісіяй і Польшчай, якія выдзелілі фінансаванне на мадэрнізацыю інфраструктуры. Пасля пераходу балтыйскія краіны будуць выкарыстоўваць існую лінію LitPol, якая злучае Літву з Польшчай, а таксама новы кабель, пракладзены па дне Балтыйскага мора. Працэс пераходу ацэньваецца на 1,6 мільярда еўраў, з якіх тры чвэрці будуць кампенсаваныя за кошт фінансавання ЕЗ.

Апошнія навіны