Дзве беларускі могуць атрымаць 10 гадоў калоніі за яблыкі
- 25.10.2024, 20:21
Яны ўдзельнічалі ў схеме кантрабанды польскіх яблыкаў у Расею.
Група даставіла ў Беларусь паводле падробленых дакументаў 10 грузавікоў з польскімі яблыкамі, надалей іх павінны былі выправіць у Расею.
Як высветлілі супрацоўнікі аддзела барацьбы з кантрабандай, адна з затрыманых жанчынаў курыравала пытанне адсочвання грузавікоў, якія ўвозілі на тэрыторыю Беларусі яблыкі з Польшчы.
Другая развязвала пытанні з дакументамі. Яна забяспечвала садавіну фітасанітарнымі сертыфікатамі, у якіх значылася нібыта малдаўскае паходжанне яблыкаў. Жанчыны атрымалі ўзнагароду за працу.
Такім чынам у Расею перамясцілі больш за 200 тонаў польскіх яблыкаў. У падробленых дакументах іх кошт складаў больш за 170 тыс. бел. рублёў. Рэальны кошт у разы большы – 700 тыс. бел. рублёў.
Аператыўнай мытняй у дачыненні да беларусак і іншых нявызначаных асобаў, якія ўдзельнічаюць у гэтай схеме, пачатыя крымінальныя справы паводле артыкула аб кантрабандзе групай асобаў.
Артыкулам прадугледжанае пазбаўленне волі ад 5 да 10 гадоў.