На фабрыцы «Слодыч» расказалі, калі ў продажы можа з'явіцца беларускі аналаг Mamba
- 27.10.2024, 14:30
Сёлета чакаць не трэба.
Беларускі аналаг цукерак «Мамба», які будуць вырабляць у філіяле «Слодыча» ў гарадскім пасёлку Івянцы Валожынскага раёна, у продажы можа з'явіцца ў студзені 2025 года. Пра гэта паведамляе газета «Рэспублiка» са спасылкай на гендырэктара гэтай кандытарскай фабрыкі Аляксандра Нячая.
25 кастрычніка ў філіяле фабрыкі «Слодыч» у Івянцы адкрылі новую лінію па вытворчасці «імпартазамяшчальнай прадукцыі» - мяккай карамелі.
Раней у «Белдзяржхарчпраме» заяўлялі, што ў Івянцы будуць вырабляць беларускую альтэрнатыву цукеркам «Мамба». Пры гэтым Аляксандр Нячай адзначаў, што не хоча называць гэтыя прысмакі аналагам вядомага брэнда, і сцвярджаў, што «трэнд такі стварыўся, і імкнемся задаволіць перавагі пакупніка».
«І ў той жа час паглядзіце: няма адназначнай копіі вядомых прадуктаў. Напрыклад, копіі «Кіндэр-сюрпрызу» я ніводнай не бачыў, ніводнай паспяховай копіі «Снікерса» ці «Твікса». Усе, хто спрабаваў зрабіць нешта падобнае, праваліліся. Таму не хачу называць нашу цукерку аналагам Mamba. Мы будзем вырабляць беларускую мяккую карамель брэнда Frumi. Для выбару назвы праводзілі фокус-групу, якая дапамагла вызначыць самае ўдалае сярод некалькіх варыянтаў», - адзначаў раней гендырэктар «Слодыча».
Гендырэктар «Слодыча» мяркуе, што рэклама новага прысмаку не вельмі і патрэбна (тут важна адзначыць, што на рынак выведуць замену і так разрэкламаванага прадукту. - Заўвага. рэд.). Ён пахваліўся, што рэклама не запатрабавалася і цукерцы Jelly Bubba – «на той момант аналаг «Шалёнай пчолкі». Гэта значыць, замене вядомай украінскай цукеркі вытворчасці Roshen.