Мянчук выкрыў кватэрных аферыстаў
- 28.10.2024, 12:30
Пашпарт беларускі, а вось карта - узбекская.
Гэтая схема існуе ўжо не менш за пяць гадоў, але па-ранейшаму спраўна працуе. Інакш не марнавалі б аферысты свой час на перапіскі. Алгарытм просты: на профільныя пляцоўкі выстаўляецца аб'ява аб арэндзе жылля. Варыянт такі, што тэрмінова трэба браць: кватэра сімпатычная, у выдатнай лакацыі і кошт ніжэйшы за рынак. Хто ж тут выстаіць?
Праўда, гаспадары заўсёды ў ад'ездзе (за мяжой або на лецішчы - легенда можа мяняцца), піша «Онлайнер».
Але гатовыя патрымаць жыллё, калі будучы кватарант перавядзе на карту аванс. Такая гарантыйная аплата. Апетыты бываюць розныя - ад 50 да 300 рублёў. А каб чалавек не сумняваўся ў «праведнасці» ўласнікаў, нават паперы будуць прадэманстраваныя: фіялетавае пасведчанне на кватэру, нярэдка тэхпашпарт (злітыя ў сетку ўзоры дакументаў і фоташоп робяць цуды).
Беларусу Дзмітрыю ў якасці доказаў надзейнасці быў паказаны беларускі пашпарт. Прычым дакумент трымае ў руках асабіста ягоная ўладальніца. Накшталт як і падстаў сумнявацца няма.
- Уражвае, што яны недзе знайшлі пашпартныя звесткі нейкай беларускі, а яшчэ ў іх ёсць беларускія тэлефонныя нумары, - адзначае Зміцер, які ведаў пра існаванне такой схемы, а таму перапісваўся строга са спартовай цікавасці. - Пры гэтым, калі я прабіў банкаўскую карту, якую яны скінулі, праз спецыяльныя сэрвісы, высветлілася, што яна ўзбекская. Калі гэта высветлілася, я напісаў ва ўзбекскі банк, які выпусціў карту, і папытаў праверыць рахунак на махлярства. Думаю, іншым людзям, хто сутыкнуўся з такой самай сітуацыяй, таксама варта скардзіцца ў банк. Мо гэта нешта зменіць.
Фота беларускага пашпарта, вядома, можа супакоіць: землякі, заўсёды можна знайсці, нават калі паспрабуюць падмануць на грошы. Але не варта забываць, што людзі, чые звесткі фігуруюць у такіх афёрах, хутчэй за ўсё, не маюць да іх ніякага дачынення. Наіўныя, яны калісьці проста скінулі фота, напрыклад, пры прынадзе на «падпрацоўку» (у сацсетках і мэсэнджарах стае «працадаўцаў», якім патрэбныя акурат пашпартныя звесткі, а не работнікі). Ды і проста злітых у сетку пашпартоў стае. Так што фота дакументаў - наогул не аргумент.
Перадавайце грошы уласнікам толькі пасля таго, як вы ўбачыце на свае вочы кватэру, уважліва вывучыце дакументы на яе, а галоўнае - складзяце дамову у РДЦ.