Ніна Багінская прайшла па Менску з пратэстным плакатам
- 29.10.2024, 15:22
Гэта адбылося 19 кастрычніка.
Вядомая грамадская актывістка Ніна Багінская можа неўзабаве паўстаць перад судом Савецкага раёна Менска, паведамляе «Белсат» са спасылкай на ўласныя крыніцы. Сваю акцыю Багінская правяла ўвечары 19 кастрычніка на вуліцы Казлова. Менавіта ў той дзень 36 гадоў таму на пасяджэнні «Мартыралога» быў створаны аргкамітэт Беларускага народнага фронту.
Багінская мела намер дайсці да будынка, на першым паверсе якога некалькі гадоў запар размяшчалася Управа партыі БНФ - самай масавай партыі канца 1980-х і пачатку 2000-х гадоў. Актывістка хацела нагадаць грамадству, што менавіта з Беларускага народнага фронту пачаўся сучасны апазіцыйны рух у Беларусі.
Сілавікі затрымалі Ніну Багінскую на рагу праспекта Незалежнасці і вуліцы Казлова. Актывістку прывезлі ва УУС Савецкага раёна сталіцы. Там міліцыянт надзеў ёй кайданкі, прычым рукі загарнуў за спіну, як небяспечнаму злачынцу. У Ніны Багінскай праблемы з плячом і яна папрасіла, каб, калі ўжо міліцыянты бачаць такую неабходнасць, то хаця б далі магчымасць трымаць рукі спераду. Але тыя праігнаравалі ўзрост жанчыны і яе фізічны стан. Багінская адмовілася чытаць і падпісваць пратакол. Яе трымалі ў РУУС у кайданках амаль тры гадзіны і адпусцілі да суда толькі блізу 22:00.
Дата суда пакуль невядомая. Хутчэй за ўсё, Ніну Багінскую могуць пакараць чарговым штрафам. Актывістка ўдзельнічае ў акцыях апазіцыі з 1988 года з вялікім нацыянальным сцягам. Яна сама стала адным з сімвалаў мірных пратэстаў Беларусі. Яе штрафавалі столькі разоў, што сума штрафаў перавышае як мінімум $20 000. Летась і сёлета Багінскую некалькі разоў затрымлівалі за нацыянальную сімволіку і каралі штрафамі. Штрафы ўтрымліваюць з яе пенсіі, але каб паскорыць працэс выплаты, прадалі яе лецішча з зямельным надзелам. Яшчэ адну маленькую дачу выставілі на продаж. Ніне Багінскай забаронена карыстацца паслугамі мабільнай сувязі. Ёсць і яшчэ пералік забарон, якія выклікаюць усмешку актывісткі: наведваць казіно, кіраваць яхтамі і маторнымі лодкамі, а таксама паляваць.