У КНДР узмацнілі ахову Кім Чэн Ына
- 29.10.2024, 17:18
«Праз пагрозу замаху».
Паўночная Карэя ўзмацняе ахову Кім Чэн Ына «праз пагрозу замаху». Пра гэта паведамляюць паўднёвакарэйскі тэлеканал Yonhap і Нацыянальная выведная служба Паўднёвай Карэі (NIS), піша Newsweek.
Адзначаецца, што Паўночная Карэя ўзмацніла захады бяспекі для абароны свайго лідара Кім Чэн Ына праз магчымыя пагрозы ягонаму жыццю. Выведнае агенцтва праінфармавала паўднёвакарэйскіх парламентарыяў, што для абароны Кім Чэн Ына вакол яго ўстаноўленыя спецыяльныя сістэмы глушэння сувязі і абсталяванне для выяўлення беспілотнікаў. Агенцтва таксама адзначыла, што сёлета лідар КНДР з'яўляўся на публіцы больш за 110 разоў, што на 60% больш, чым летась.
На фоне абвастрэння стасункаў паміж Паўночнай Карэяй, Паўднёвай Карэяй і заходнімі хаўруснікамі, паведамляецца, што Пхеньян накіраваў блізу 10 тысячаў салдатаў для падтрымкі Расеі ў канфлікце ва Украіне. Паведамленні пра ўзмацненне бяспекі Кім Чэн Ына супалі з візітам міністра замежных справаў Паўночнай Карэі ў Маскву.
Хоць Пхеньян не каментаваў мэту візіту, карэйскае дзяржаўнае інфармацыйнае агенцтва паведаміла, што дэлегацыя на чале з міністрам замежных справаў Чхо Сон Хуі накіравалася ў Расею для абмеркавання пытанняў бяспекі і магчымага супрацоўніцтва.
На мінулым тыдні Кім Чэн Ын заявіў пра неабходнасць умацавання «стратэгічнага стрымлівання» перад пагрозай з боку ЗША, указаўшы на ядзерны арсенал Амерыкі як на галоўную небяспеку для Паўночнай Карэі. Ён падкрэсліў неабходнасць мадэрнізацыі стратэгічных ракетных базаў краіны ў час наведвання такой базы, дзе разам з сястрой Кім Ё Чэн і іншымі ваеннымі кіраўнікамі праверыў магчымасці пускавых установак. На сёння Паўночная Карэя знаходзіцца пад міжнароднымі санкцыямі праз прадаўжэнне распрацоўкі ядзернай зброі і балістычных ракетаў, і, паводле ацэнак Федэрацыі амерыканскіх навукоўцаў, яна валодае матэрыяламі для стварэння да 90 ядзерных боегаловак.