У сеціве паказалі ўнікальныя пазадарожнікі Ferrari 70-х
- 29.10.2024, 18:35
Гэта арыгінальны гібрыд Jeep і Ferrari, створаны ў ЗША.
Красовер Ferrari Purosangue не першая мадэль падвышанай праходнасці з жарабцом на капоце. У 70-я былі створаныя ўнікальныя пазадарожнікі Jerrari. Пра аўто расказаў у відэа на сваім Youtube-канале вядомы комік і аўтакалекцыянер Джэй Лена.
Jerrari – гібрыд Jeep і Ferrari. Ініцыятарам яго стварэння стаў амерыканскі аўтакалекцыянер Уільям Гара. Сваю маёмасць ён зарабіў на гатэлях і казіно ў штаце Невада і яму трэба было хуткаснае паўнапрываднае аўто, каб дабірацца з горада Рына на яго гарналыжны курорт у Тахо.
Спачатку Уільям Гара ў 1969 году звярнуўся да Энца Ферары, каб той распрацаваў яму пазадарожнік, аднак італьянец катэгарычна адмовіўся. Тады мільянер пастанавіў стварыць такое аўта самастойна.
Уільям Гара дастаў пабітае купэ Ferrari 365 GT 2+2 і надумаў скрыжаваць яго з прэміяльным пазадарожнікам Jeep Wagoneer. У італьянскага суперкара запазычылі пярэднюю частку з выяўленым носам і круглымі фарамі, а таксама стырно і некаторыя дэталі салона.
Пад капотам усталявалі 4,4-літровы V12 магутнасцю 320 к. с. У пары з ім працавала 5-ступеністая механічная КПП. Уільям Гара лёгка разганяў Jerrari да 240 км/г на звычайнай трасе. Цікава, што захавалі і родную сістэму поўнага прывада, таму на заснежаных горных дарогах аўто было лёгка кантраляваным.
Зрэшты, незвычайны пазадарожнік Ferrari вельмі звяртаў на сябе ўвагу, таму ў 1977 году Уільям Гара надумаў стварыць прасцейшы Jerrari. Рухавік пераставілі ў звычайны Jeep Wagoneer, які вонкава нічым не адрозніваўся ад стандартнай мадэлі. Толькі стырно Ferrari зявілася ў салоне.
Праз год Уільям Гара пайшоў з жыцця, а ягоная аўтакалекцыя стала асновай для аўтамузея ў Рына. Менавіта там захоўваецца другі Jerrari, а вось першае аўто (яно цяпер абсталяванае рухавіком Chevrolet) цяпер знаходзіцца ў прыватнай калекцыі.