Аўтарынак «Малінаўка» зноў выставілі на продаж
- 29.10.2024, 20:38
Кошт аб'екта не пазначаны.
Аўтарынак «Малінаўка», размешчаны ў раёне аграгарадка Азярцо пад Менскам, выстаўлены на продаж. Інфармацыя пра гэта размешчаная на сайце ЗАТ «Белрэалізацыя».
Прадавец аб'екта – Ашчад Банк.
Кошт аб'екта не пазначаны, адзначаецца, што ён будзе дамоўны. Продаж магчымы як з гандлю, так і на прамую дамову.
У інвестыцыйнай прапанове гаворыцца, што ў складзе гэтага актыву 102 аб'екты нерухомасці (пляцоўкі, будынкі і збудаванні, інжынерныя камунікацыі, іншыя асноўныя сродкі – рэкламныя шчыты, шапікі і г.д.). Агульная плошча займаных ім зямельных плошчаў на праве сталага карыстання складае больш за 25 га. Акрамя таго, ёсць надзел на праве арэнды плошчай больш за 7 га.
«У цяперашні час рынак уяўляе з сябе шырокую гандлёвую тэрыторыю, цалкам прысвечаную аўтамабільнай тэматыцы. (…) Тут прадстаўлены самы вялікі асартымент новых і б/у аўтазапчастак, а таксама шырокі выбар шынаў, літых дыскаў, маторных аліваў і разнастайных аксэсуараў для аўтамабіляў усіх марак і мадэляў», – гаворыцца ў аб'яве. Акрамя таго, там рэалізуюцца тавары для дома і лецішча, будматэрыялы.
Нагадаем, адзін з галоўных аўтарынкаў не толькі сталіцы – усёй краіны – пачаў працу ў 1994 годзе. Да пачатку 2010-х гадоў, калі павысілася размытненне аўто, пачалі набіраць папулярнасць аўтамабільныя сайты і адбыўся шэраг іншых падзей, ён з'яўляўся ключавым цэнтрам угодаў куплі-продажу машынаў і не толькі.
У 2018 годзе кампанію «Гандлёвы Свет – Кальцо», якая валодала гэтым рынкам, прызналі банкрутам. У канцы мінулага года кампанія была ліквідаваная.
У 2021 годзе аўтарынак ужо выстаўлялі на аўкцыён з коштам блізу 44 млн рублёў, але новага ўладальніка ён тады не здабыў.