Еўрапарламент папярэдзіў улады Беларусі
- 29.10.2024, 23:05
Апублікаваная заява.
Еўрапейскі парламент пацвердзіў непахісную падтрымку суверэнітэту і незалежнасці Беларусі і поўную падтрымку дэмакратычнага права народа Беларусі выбіраць сваіх прадстаўнікоў на свабодных і справядлівых выбарах – пра гэта гаворыцца ў заяве Еўрапарламента ад 29 кастрычніка, якую цытуе Deutsche Welle.
Еўрапарламент нагадаў, што пасля сфальсіфікаваных выбараў у 2020 годзе сітуацыя ў Беларусі істотна пагоршылася: дзясяткі тысячаў людзей былі арыштаваныя, у краіне цяпер больш за 1300 палітвязняў, сярод якіх і апазіцыйныя лідары, дзясяткі тысячаў беларусаў былі вымушаныя пакінуць краіну. У заяве яшчэ раз асуджаюцца сістэматычныя, распаўсюджаныя і грубыя парушэнні правоў чалавека ў Беларусі.
«Мы падкрэсліваем, што выбары, якія праводзяцца ў цяперашняй атмасферы страху і рэпрэсій, ва ўмовах, якія супярэчаць усім міжнародна прызнаным стандартам, без магчымасці для беларусаў, якія жывуць за мяжой, рэалізаваць сваё права галасаваць і балатавацца ў якасці кандыдатаў на выбарах, без празрыстай сістэмы падліку галасоў і без удзелу міжнародных назіральнікаў, не могуць называцца справядлівымі і свабоднымі», – гаворыцца ў заяве.
Еўрапарламент заклікаў рэжым у Беларусі ў поўнай ступені захоўваць правы чалавека, права на свабоду аб'яднанняў, у тым ліку для палітычных партый, пакласці канец усім формам рэпрэсій, пераследу і запалохвання і вызваліць усіх палітычных зняволеных.